Пра гэта паведамляюць у панядзелак агенцтва Reuters, DW і СМІ краінаў рэгіёну, у прыватнасьці, швэдзкія онлайн-выданьні.
Дакумэнт падпісалі краіны Паўночнай Эўропы і Балтыі. Міністры замежных спраў гэтых краін лічаць, што зьніжэньне столі цэнаў прывядзе да таго, што даходы Расеі скароцяцца і яна ня зможа ў ранейшых аб’ёмах фінансаваць вайну супраць Украіны.
«Чым ніжэйшыя цэны на расейскую нафту, тым хутчэй настане мір», — заявіла міністар замежных спраў Швэцыі Мальмэр Стэнэгард. Паводле яе падлікаў, зьніжэньне цаны на 10 даляраў за барэль азначала б для Расеі страты ў памеры 200 мільярдаў даляраў за год, што адпавядае прыкладна 15% расейскага вайсковага бюджэту.
Шэраг краін ЭЗ, у тым ліку тых, што падпісалі цяперашні дакумэнт, ужо некаторы час дамагаюцца зьніжэньня столі цэнаў на расейскую нафту, аднак кансэнсусу па гэтым пытаньні ні ў Эўразьвязе, ні ў «Сямёрцы», у працы якой бяруць удзел прадстаўнікі Эўракамісіі, няма. Да вызначанай краінамі Захаду столі цэнаў далучыліся далёка ня ўсе краіны сьвету. Расея прадае сваю нафту галоўным чынам у Кітай і Індыю — як адзначае DW, нафта прадаецца зь вялікімі зьніжкамі адносна сусьветных цэнаў, якія цяпер перавышаюць 80 даляраў за барэль, аднак усё ж больш выгадна, чым па ўсталяваным на Захадзе мінімальным кошце.
У той жа час краіны Захаду робяць дадатковыя захады супраць так званага ценявога флёту, які перавозіць расейскую нафту танкерамі пад сьцягамі трэціх краін. Злучаныя Штаты днямі ўвялі блякавальныя санкцыі супраць двух найбуйнейшых экспартэраў нафты ў Расеі — «Газпром нафты» і «Сургутнафтагазу». Зь імі, а таксама зь дзясяткамі іншых кампаній цяпер забаронена мець фінансавыя адносіны з выкарыстаньнем даляра або амэрыканскай фінансавай сыстэмы. Санкцыі зноў пашырыліся на найбуйнейшую расейскую суднаходную кампанію «Саўкамфлот». Пад абмежаваньні трапілі 183 танкеры, якія, як мяркуецца, адносяцца да ценявога флёту.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў у адказ на новыя санкцыі ЗША адносна расейскай нафты заявіў, што маршруты экспарту расійскіх энэрганосьбітаў, якія склаліся, «проста так перасячы немагчыма». Пры гэтым, паводле яго слоў, санкцыі могуць прывесьці да «дысбалянсу» на сусьветным рынку нафты.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.