Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі мяркуе, што Расея залежыць ад вайсковай дапамогі КНДР.
«Апроч першых захопленых у палон салдатаў з Паўночнай Карэі, без сумневаў, будуць і іншыя. Гэта пытаньне часу, калі нашым хлопцам удасца захапіць яшчэ. І ні ў кога ў сьвеце не павінна застацца сумневаў, што расейская армія залежыць ад вайсковай дапамогі КНДР», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце ўвечары 12 студзеня.
Паводле яго, Украіна гатовая перадаваць Кім Чэн Ыну ягоных людзей, калі ён зможа арганізаваць іх абмен на ўкраінскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў палоне ў Расеі.
«Для тых салдатаў з Паўночнай Карэі, якія не захочуць вяртацца, могуць быць і некаторыя іншыя шляхі. У прыватнасьці, тыя з карэйцаў, хто пажадае набліжаць мір праз распаўсюд праўды па-карэйску пра гэтую вайну, атрымаюць такую магчымасьць», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.
Улады Ўкраіны некалькі дзён таму паведамілі аб захопе ў палон параненых паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў. Гэта адбылося 9 студзеня ў часе баёў у Курскай вобласьці Расеі.
Паводле СБУ, на момант захопу ў аднаго з вайскоўцаў КНДР быў вайсковы білет РФ, аформлены на іншую асобу, зарэгістраваную ў Рэспубліцы Тува РФ. Падчас допыту вайсковец сказаў, што дакумэнт яму выдалі ў Расеі восеньню 2024 году. Потым, паводле яго, частка паўночнакарэйскіх баявых падразьдзяленьняў на працягу тыдня вяла каардынацыю з расейскімі групоўкамі. Ён заявіў, што нарадзіўся ў 2005 годзе, займаў пасаду стралка, з 2021 году праходзіў вайсковую службу ў Паўночнай Карэі. Падчас допыту палонны падкрэсьліў, што ішоў нібыта на вучэньні, а не на вайну супраць Украіны, паведамілі ў СБУ.
Яшчэ адзін ваеннапалонны пацьвердзіў паказаньні свайго «напарніка», паведамляе СБУ. Паводле папярэдніх зьвестак, ён нарадзіўся ў 1999 годзе, з 2016 году служыць у арміі КНДР у якасьці афіцэра, снайпэра-выведніка.
Расейскія ўлады пакуль афіцыйна гэтай інфармацыі не камэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Паўднёвая Карэя пацьвердзіла, што Ўкраіна ўзяла ў палон двух вайскоўцаў КНДР- Падразьдзяленьні арміі КНДР па дамове з Расеяй удзельнічаюць на яе баку ў вайне супраць Украіны.
- Паўночнакарэйскія вайскоўцы, паводле зьвестак, якія паступалі да гэтага часу, знаходзяцца ў Курскай вобласьці Расеі, куды ўкраінскія войскі ўступілі ў пачатку жніўня 2024 году. Цяпер там працягваюцца баі.
- У ГРУ Мінабароны Ўкраіны раней паведамілі, што першыя падразьдзяленьні вайскоўцаў з КНДР прыбылі ў зону баявых дзеяньняў расейска-ўкраінскай вайны 23 кастрычніка 2024 году. Пасьля ў ГУР заявілі пра каля 12 тысяч вайскоўцаў КНДР у Расеі.
- У канцы сьнежня 2024 агенцтва Yonhap са спасылкай на аб’яднаны камітэт начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі паведамляла, што беззваротныя страты КНДР у расейска-ўкраінскай вайне склалі 1100 чалавек. Паводле зьвестак паўднёвакарэйскай выведкі, Пхэньян, верагодна, рыхтуецца адправіць у Расею дадатковыя войскі і ваенную тэхніку.
- Аналіз зьвестак выведкі ўказвае на тое, што Паўночная Карэя рыхтуецца альбо да ратацыі, альбо да павелічэньня колькасьці сваіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў Расеі, гаворыцца ў заяве.
- У NATO рашуча асудзілі пашырэньне ваеннага супрацоўніцтва паміж Расеяй і КНДР. У альянсе падкрэсьлілі, што адпраўленьне паўночнакарэйскіх войскаў на вайну ва Ўкраіну зьяўляецца небясьпечнай эскаляцыяй і парушае рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН.
- Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль падчас візыту ў Кіеў 9 лістапада 2024 году таксама адзначыў, што прысутнасьць паўночнакарэйскіх войскаў на фронце зьяўляецца дадатковай пагрозай, і падкрэсьліў неабходнасьць дыпляматычнага ціску на Пхэньян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі: Узброеныя сілы Ўкраіны ўзялі ў палон вайскоўцаў КНДР. Іх дапытвае СБУВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.