Расея наступае, Украіна працягвае супрацьстаяць. Вайна становіцца больш цяжкай для Кіева

Жыхар Пакроўску едзе на ровары каля разбуранага моста недалёка ад лініі фронту ў Данецкай вобласьці. Гэта адзін з самых напружаных кірункаў

Аточаныя, зьнясіленыя, абяскроўленыя ўкраінскія сілы спрабуюць стрымаць расейскае войска, якое мае колькасную перавагу і вялікую агнявую моц. Расейская армія дэманструе агульную наступальную перавагу на ўсходзе Ўкраіны сярод замерзлых палёў і акопаў у гразі.

Нягледзячы на ціск, які павялічваецца наконт перамоў паміж Кіевам і Масквой, Крэмль і кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін не дэманструюць інтарэсу да кампрамісаў або абмеркаваньня ўмоў спыненьня агню, якія маглі б задаволіць Украіну і яе заходніх партнэраў, піша карэспандэнт Радыё Свабода Майк Экель.

«Вайна зьмяніла кірунак на карысьць Расеі, якая пастаянна выкарыстоўвае свае перавагі ва ўзбраеньні і жывой сіле. Пакуль што няма прычын для Расеі ісьці на перамовы, бо [Пуцін], імаверна, верыць у магчымасьць перамогі, якая, паводле яго, азначае падпарадкаваньне Ўкраіны», — заявіў Макс Бэргман, дырэктар праграмы ў пытаньнях Эўропы, Расеі і Эўразіі Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне.

Свабода паспрабавала высьветліць, як выглядае сытуацыя на полі бою ў пачатку новага году.

Пакроўск, горад з даваенным насельніцтвам у 60 тысяч чалавек, зьяўляецца найбольш важным пунктам, дзе ўкраінская абарона рызыкуе пацярпець паражэньне пад ціскам няспыннага расейскага наступу. Аднак гэта далёка не адзінае такое месца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея і Ўкраіна правялі абмен палоннымі. Расейскіх вайскоўцаў прывезьлі ў Беларусь, беларусаў сярод іх няма

Пакроўск

У мірны час гэты горад на захадзе Данеччыны быў вядомы сваім вугальнымі шахтамі, коксахімічнымі і мэталюргічнымі заводамі. Апроч таго, тут знаходзіўся ключавы чыгуначны вузел і перакрыжоўваліся некалькі асноўных дарог. Пакроўск таксама вядомы як горад, дзе кампазытар Мікола Леантовіч у пачатку ХХ стагодзьдзя напісаў шчадроўку, вядомую ва Ўкраіне як «Щедрик», а ва ўсім сьвеце як Carol of the Bells.

Пасьля захопу Аўдзееўкі расейскія войскі пачалі рухацца на захад і паўночны захад, каб перарэзаць украінскія лягістычныя шляхі.

Дарога E50, якая ідзе на захад, злучае Пакроўск зь вялікім абласным цэнтрам Дніпро, чацьвёртым па велічыні горадам Украіны. Аўтадарога Т0504, якая ідзе на ўсход і паўночны ўсход, злучае Пакроўск з Канстанцінаўкай, яшчэ адным вялікім чыгуначным вузлом, які Расея імкнецца захапіць.

«Пакроўскі кірунак застаецца адным з найбольш напружаных і супярэчлівых кірункаў у тэатры баявых дзеяньняў. Пасьля няздольнасьці захапіць горад расейскія сілы вярнуліся да знаёмай тактыкі: флянгавых манэўраў», — адзначаецца ў справаздачы Frontelligence Insight, аналітычнай арганізацыі, кіраўніком якой зьяўляецца колішні ўкраінскі афіцэр запасу.

«Праціўнік цяпер разьлічвае на баі ў Пакроўску і спрабуе абысьці горад і разарваць ланцугі паставак», — заявіў 2 студзеня ў эфіры тэлемаратону сьпікер апэратыўна-стратэгічнай групоўкі войск «Хорціца» Віктар Трэгубаў.

Што адбываецца на лініі фронту ў Пакроўску на Данбасе, дзе расейскія войскі набліжаюцца да «горада-крэпасьці»

Ліям Колінз, палкоўнік у адстаўцы арміі ЗША, гаворыць, што расейскія войскі могуць спрабаваць абысьці Пакроўск, бо сьпяшаюцца захапіць як мага больш тэрыторыі да якіх-небудзь мірных перамоў. Менавіта Пакроўск знаходзіцца прыблізна за 18 кілямэтраў ад адміністрацыйнай мяжы паміж Данецкай і Днепрапятроўскай вобласьцямі.

Найбольш імаверна, сказаў ён, што расейцы хочуць пазьбегнуць жорсткіх баявых дзеяньняў у гарадзкіх умовах, як гэта, напрыклад, адбылося ў шматмесячнай барацьбе за горад Бахмут.

«Расейцы, як амаль любая армія, хацелі б абысьці горад, перакрыць лініі пастаўкі байцам унутры, перачакаць і прымусіць іх здацца без асаблівага бою», — сказаў Колінз, аўтар кнігі «Разуменьне вайны ў гарадах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Перад Новым годам Расея ўсю ноч атакавала дронамі 9 рэгіёнаў Украіны. На Смаленшчыне зноў гарэла нафтабаза

Курахава

Прыблізна за 30 кілямэтраў на поўдзень ад Пакроўску ўкраінскія войскі спрабавалі выкарыстаць Курахаўскае вадасховішча, якое перакрывае раку Воўча, і сумежныя водныя шляхі, каб запаволіць прасоўваньне расейцаў, якія ў канцы лістапада і ў сьнежні прасунуліся ўздоўж паўночнага боку вадасховішча. Дамба была часткова разубураная, але незразумела, якім бокам, Украінай ці Расеяй.

На паўднёвым узьбярэжжы вадасховішча ўкраінскія войскі аслабілі кантроль над Курахавым, на які расейскія войскі наступалі з усходу, і толькі прамысловыя раёны ў заходняй частцы горада застаюцца пад кантролем Украіны. З паўднёвага захаду расейскія войскі таксама пагражалі трасе Н15 Данецк — Запарожжа, галоўнаму шляху паставак, што ідзе на захад ад Курахава.

Курахава, Данецкая вобласьць

Конрад Музыка, польскі вайсковы аналітык, які рэгулярна наведвае Ўкраіну, сказаў, што ранейшыя праблемы Ўкраіны з мабілізацыяй сталі відавочныя ў абароне Курахавага.

«Хоць рэльеф у гэтым рэгіёне спрыяе абаронным апэрацыям праз наяўнасьць водных шляхоў, няхватка ўкраінскага асабовага складу перашкаджае цалкам выкарыстаць гэтыя прыродныя асаблівасьці, каб спыніць прасоўваньне Расеі. Гэтая нястача жывой сілы таксама абмяжоўвае іхную здольнасьць контратакаваць, якая магла б парушыць расейскі імпульс у гэтым раёне», — напісаў ён на плятформе X.

«Абарона Курахавага фактычна асуджаная, — мяркуе кіеўскі вайсковы аналітык Міхайла Жырохаў. — І цяпер яго абарона падтрымліваецца толькі з палітычных меркаваньняў. Падзеньне горада было б кепскім падарункам для Офісу прэзыдэнта, гэта вельмі істотна зьнізіла б рэйтынг даверу», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Курскай вобласьці загінулі і атрымалі раненьні сотні салдат КНДР, — СМІ

Даліна Мокрыя Ялы

Далей на захад ад Курахавага рака Мокрыя Ялы цячэ на поўдзень і абыходзіць некалькі населеных пунктаў, уключаючы Вялікую Навасёлку.

У часе контранаступу ў 2023 годзе ўкраінскія войскі ў некалькіх месцах наступалі, у тым ліку ўздоўж даліны Мокрыя Ялы, і прасоўваліся на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі, на ўсходнім беразе ракі. Але, як і агульны контранаступ, той наступ быў няўдалым, бо расейская абарона была добра падрыхтаваная.

У пачатку сьнежня расейскія войскі ўвайшлі ва ўсходнюю частку Вялікай Навасёлкі і вышэй па цячэньні ўкраінскія войскі ажыцьцявілі контратаку і аднавілі кантроль над сялом Новы Комар, празь якое праходзіць важная дарога O0509 з поўначы на поўдзень — яна мае пераправу цераз раку на поўнач ад Вялікай Навасёлкі.

Але, згодна са зьвесткамі з адкрытых крыніц і ўкраінскімі і расейскімі справаздачамі, за сяло працягваюцца баі, а дарогу O0509 абстрэльвае расейскія артылерыя і дроны, што абмяжоўвае магчымасьці Ўкраіны папаўняць запасы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Жаўнеры з КНДР хочуць замацавацца пад прыкрыцьцём расейцаў». Як выглядаюць штурмы ў Курскай вобласьці

Куршчына

Украінскае камандаваньне ў мінулым адзначылася інавацыйнай тактыкай і імправізацыяй. Адпор вялікім расейскім сілам у часе абароны Кіева ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня агаломшыў шмат каго, у тым ліку Крэмль.

Крэатыўнасьць Украіны на Чорным моры дапамагла мінімізаваць там эфэктыўнасьць Расеі.

Жнівеньская апэрацыя ў расейскую Курскую вобласьць таксама адпавядае гэтай мадэлі. Але яна не змагла дасягнуць галоўнай мэты: аслабіць ціск у іншых месцах і прымусіць Расею адвесьці адтуль свае падразьдзелы.

Тым часам Расея зрабіла ўласны сюрпрыз: увяла на поле бою тысячы паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, крок, які сам па сабе дапамагае паслабіць ціск на мабілізацыю ўнутры Расеі. Хоць амэрыканскія афіцыйныя асобы ў мінулым месяцы заявілі, што Паўночная Карэя панесла значныя страты, паўночнакарэйскія вайскоўцы адыгралі значную ролю, каб украінскую абарону ў горадзе Суджа Курскай вобласьці адціснуць назад да мяжы.

Гэта пагражае ўкраінскім пастаўкам, якія ідуць з поўдня празь мяжу.

Увогуле, паводле ацэнак, украінскія сілы страцілі больш за палавіну тэрыторыі, якую яны ўзялі пад кантроль на Куршчыне летам 2024 году.

Урэшце, гэта можа перашкодзіць выкананьню яшчэ адной мэты, якую ўкраінскі Генштаб спадзяваўся атрымаць ад апэрацыі: выкарыстаць захопленую тэрыторыю Расеі яе элемэнт гандлю на будучых перамовах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна ўдарыла ракетамі па Курскай вобласьці. Паводле УСУ, атакавалі камандны пункт расейскага войска

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.