Перад Новым годам Расея ўсю ноч атакавала дронамі 9 рэгіёнаў Украіны. На Смаленшчыне зноў гарэла нафтабаза

Наступствы расейскага абстрэлу Кіева 20 сьнежня 2024. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія войскі з позьняга вечара 30 сьнежня пачала інтэнсіўна запускаць па тэрыторыі Ўкраіны баявыя дроны. Раніцай 31 сьнежня ўдар бесьпілётнікаў узмацніла ракетамі.

Рэгіянальныя ўлады Ўкраіны паведамілі аб пацэльваньні ў інфраструктурныя аб’екты.

Расея вяла абстрэл з розных кірункаў — з поўдня, поўначы і ўсходу. У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны папярэджвалі аб імавернасьці балістычнага ўдару.

Пасьля завяршэньня павтранай трывогі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея атакавала Ўкраіну 40 бесьпілётнікамі і 21 ракетай розных тыпаў. Сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць 6 ракет і 16 дронаў, яшчэ 24 бесьпілётнікі абясшкодзілі пры дапамозе радыёэлектроннага ўзьдзеяньня.

Пад прыцэлам зноў інфраструктура

Улады Сумскай вобласьці паведамілі, што ў ноч і раніцай 31 сьнежня расейцы абстралялі памежныя тэрыторыі ў Шосткінскай і Сьвескай грамадах. Удар быў камбінаваным — спачатку бесьпілётнікамі, а потым і ракетамі.

Паводле ўладаў, у Шосткінскай грамадзе абстралялі інфраструктурны аб’ект. Аб маштабах удару пакуль не паведамляюць.

Расейцы атакавалі Мікалаеўскую, Палтаўскую, Віньніцкую, Харкаўскую, Чаркаскую, Чарнігаўскую, Днепрапятроўскую і Кіеўскую вобласьць, а таксама Кіеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт ЗША Байдэн абвясьціў пра новы пакет дапамогі Ўкраіне амаль на 2,5 мільярда даляраў

У Расеі заявілі аб зьнішчэньні над сваёй тэрыторыяй амаль 100 дронаў

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што цягам ночы зьнішчылі 68 украінскіх бесьпілётнікаў. Найбольш (25) над тэрыторыяй Бранскай вобласьці, 17 над анэксаваным Крымам, 11 над Краснадарскім краем, 10 над Смаленскай вобласьцю, два над Цьвярской і па адным — над тэрыторыямі Растоўскай, Курскай і Калускай.

У расейскай адміністрацыі Крыму не паведамляюць аб наступствах зьбіцьця дронаў. «Папярэдне, зьбілі 4 паветраныя цэлі над морам і два марскія бесьпілётнікі паблізу берага», — напісаў у сваім Telegram-канале губэрнатар Севастопаля Міхаіл Разважаеў.

Адначасова кіраўнік расейскай адміністрацыі гораду папярэдзіў грамадзян аб адказнасьці за здымкі працы сіл супрацьпаветранай абароны. Ён паведаміў таксама аб увядзеньні забароны на выкарыстаньне піратэхнікі.

Губэрнатар Смаленскай вобласьці Васілій Анохін заявіў, што аскепкі аднаго са зьбітых бесьпілётнікаў упалі на тэрыторыю нафтабазы ў Ярцаўскім раёне і справакавалі пажар.

«У выніку адбыўся разьліў паліва і пачалося згараньне гаруча-змазачных матэрыялаў. Цяпер выратавальныя службы лякалізуюць наступствы. Пагрозы жылым аб’ектам няма», — напісаў Васіль Анохін у сваім Telegram-канале.

Улады астатніх абласьцей, дзе нібыта зьбівалі ўкраінскія дроны, увогуле не паведамляюць аб наступствах работы сіл супрацьпаветранай абароны Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея правяла буйную атаку па Ўкраіне ракетамі розных тыпаў, абстраляныя Дніпро, Харкаў і іншыя гарады

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.