На калегіі Мінабароны РФ прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў 2024 год «знакавым» для дасягненьня мэтаў ва Ўкраіне і заявіў, што ЗША даводзяць Расею да пункту невяртаньня.
Пуцін абвінаваціў краіны NATO ў тым, што яны, паводле яго, даводзяць Расею да «чырвонай рысы», да пункту невяртаньня. На сваёй штогадовай сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства абароны расейскі прэзыдэнт намякнуў, што гэта можа быць дасягнута шляхам эскаляцыі канфлікту ва Ўкраіне.
«ЗША працягваюць напампоўваць фактычна нелегітымны кіроўны рэжым у Кіеве зброяй і грашыма, адпраўляюць наймітаў і вайсковых дарадцаў і тым самым заахвочваюць далейшую эскаляцыю канфлікту. Бо тактыка вельмі простая: даводзяць нас да „чырвонай рысы“, церазь якую мы адступаць ужо ня можам, пачынаем адказваць — тут жа палохаюць сваё насельніцтва: у даўнія часы савецкай, цяпер расейскай пагрозай», — заявіў прэзыдэнт РФ.
Пуцін таксама выказаў занепакоенасьць адносна плянаў разьмяшчэньня ЗША высокадакладных ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД). Ён папярэдзіў, што адказам на такія дзеяньні будзе адмова Расеі ад добраахвотных абмежаваньняў на разьмяшчэньне РСМД.
«Масква будзе вымушаная прымаць дадатковыя меры ў забесьпячэньні сваёй бясьпекі: робім гэта акуратна і ўзважана, ня ўцягваючыся ў поўнамаштабную гонку ўзбраеньняў», — сказаў ён.
Па словах расейскага прэзыдэнта, доля сучасных узбраеньняў у стратэгічных ядзерных сілах Расеі дасягнула 95%, а штатная колькасьць Узброеных сілаў павышаная да 1,5 мільёна вайскоўцаў.
Пуцін таксама заявіў, што расейскае войска «трывала валодае стратэгічнай ініцыятывай на ўсёй лініі баявога судакрананьня» і сёлета ўзяло 189 населеных пунктаў у зоне баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.