У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі аб актывізацыі баёў на ўсіх лініях фронту.
Адначасова расейскія войскі працягваюць атакаваць інфраструктурныя аб’екты ў тыле Ўкраіны.
На фронце 224 баявыя сутыкненьні
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія содні на лініях фронту адбыліся 224 баявыя сутыкненьні — гэта найбольш за апошнія некалькі тыдняў.
Расейскія войскі атакуюць украінскія пазыцыі пры дапамозе баявой авіяцыі, артылерыі і дронаў. За апошнія 24 гадзіны расейцы нанесьлі 45 авіяўдараў, ажыцьцявілі 142 абстрэлы з рэактыўных сыстэм залпавага агню і выкарысталі прыблізна 1300 дронаў-камікадзэ. Расейцы захапілі яшчэ 235 квадратных кілямэтраў украінскай тэрыторыі.
Найбольш актыўна Расея выкарыстоўвае сваю авіяцыю ў Данецкай і Харкаўскай абласьцях Украіны і ў Курскай вобласьці Расеі.
«Працягваецца апэрацыя ў Курскай вобласьці. За апошнія содні вораг нанёс 263 артылерыйскія абстрэлы, у тым ліку 5 — з рэактыўных сыстэм залпавага агню, 22 авіяцыйныя ўдары, у часе якіх скінуў 30 кіраваных авіябомбаў», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага Генштабу.
Агенцтва Reuters з спасылкай на крыніцы ў Генштабе Ўкраіны паведаміла, што ўкраінскія войскі на 24 лістапада ў Курскай вобласьці ўтрымлівалі прыблізна 800 з занятых раней 1376 квадратных кілямэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Жузэп Бурэль заклікаў краіны ЭЗ дазволіць Украіне ўдары перададзенай зброяй па РасеіВайна ўваходзіць у найбольш небясьпечную фазу
Згодна са зьвесткамі агенцтва Reuters, лінія фронту даўжынёй у 1000 кілямэтраў цягам двух гадоў была пераважна статычнай, пакуль расейскія войскі не пачалі наступальныя дзеяньні ў ліпені.
«Вайна ўваходзіць у фазу, якую некаторыя расейскія і заходнія афіцыйныя асобы лічаць найбольш небясьпечнай. Паведамляецца, што Расея выкарыстоўвае паўночнакарэйскія войскі ва Ўкраіне, а Кіеў зараз выкарыстоўвае пастаўленыя Захадам ракеты для нанясеньня ўдараў у адказ па тэрыторыі Расеі», — адзначаецца ў публікацыі.
Са спасылкай на справаздачу незалежнай расейскай інфармацыйнай групы «Агенцтва» паведамляецца, што за мінулы тыдзень расейская армія захапіла амаль 235 квадратных кілямэтраў, што зьяўляецца тыднёвым рэкордам за 2024 год.
Раніцай 27 лістапада ўкраінскі OSINT-праект Deep State паведаміў, што Расея акупавала Новасялідаўку і Пятроўку ў Пакроўскім раёне Данецкай вобласьці. Апроч таго, расейскія войскі прасунуліся яшчэ каля 11 населеных пунктаў Данецкай вобласьці.
Цяпер Расея кантралюе 18% украінскай тэрыторыі, у тым ліку ўвесь Крым, крыху больш за 80% Данецкай і Луганскай абласьцей, больш за 70% Запароскай і Херсонскай абласьцей і менш за 3% Харкаўскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне ў паўночнакарэйскіх ракетах знайшлі кампанэнты, зробленыя ў заходніх краінах у 2023 годзеЭкспэрты не выключаюць спробаў Расеі атакаваць Днепрапятроўскую вобласьць
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) прагназуюць, што расейскае вайсковае камандаваньне мае пляны прасунуцца ў паўднёва-ўсходнюю частку Днепрапятроўскай вобласьці (там пакуль баявых дзеньняў няма, але расейскія войскі пэрыядычна абстрэльваюць гэты рэгіён. – РС).
Экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі разьлічваюць, што наступ на Днепрапятроўскую вобласьць аблегчыць ім выкананьне задачы цалкам захапіць адміністратыўную тэрыторыю Данецкай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Масква дала грамадзянства 3344 замежнікам за ўдзел у вайне супраць УкраіныРасейскія войскі працягваюць атакаваць інфраструктуру Ўкраіны
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны заявілі, што ў ноч на 27 лістапада расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 89 баявымі дронамі тыпу Shahed і бесьпілётнікамі нявызначанага тыпу, запушчанымі з расейскіх аэрадромаў у Арле, Бранску, Курску і Прыморска-Ахтарску.
Украінскія сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі 36 дронаў у Кіеўскай, Чарнігаўсксай, Сумскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Жытомірскай, Хмяльніцкай і Мікалаеўскай абласьцях. Яшчэ 48 дронаў лякацыйна страцілі ў выніку ўзьдзеяньня сродкамі радыёэлектроннай барацьбы і 5 перамясьціліся ў бок Беларусі, Расеі і часова акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый.
У выніку начной атакі ў Кіеве два чалавекі атрымалі раненьні. Пашкоджаны жылыя дамы, офісныя і гаспадарчыя памяшканьні. Улады іншых абласьцей, над якімі зьбівалі дроны, сьцьвярджаюць, што пацярпелых няма.
Ва Ўкраіне ўсё яшчэ дзейнічаюць абмежаваньні на энэргаспажываньне. Энэргетыкі спрабуюць аднавіць інфраструктуру, якую Расея атакавала 17 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея атакавала Ўкраіну рэкорднай колькасьцю дронаў і ракет. Зяленскі: у гэтых дронах 16 000 замежных кампанэнтаўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.