Сілавікі перад выбарамі трэнуюцца разганяць пратэсты «па ўсёй краіне»

Трэніроўка беларускіх сілавікоў. Архіўнае фота

У трэці дзень перадвыбарных вучэньняў сілавікі будуць трэнавацца разганяць пратэсты ва ўсіх рэгіёнах краіны, паведамілі ў прэс-службе МУС Беларусі.

«Па ўсёй краіне з удзелам супрацоўнікаў міліцыі, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў будуць адпрацоўвацца практычныя дзеяньні ў спыненьні групавых парушэньняў грамадзкага парадку ў населеным пункце. Яны прадэманструюць узаемадзеяньне пры магчымым ускладненьні апэратыўнай абстаноўкі, узьнікненьні няштатных сытуацый», — паведамілі ў ведамстве.

У МУС папярэдзілі аб магчымых перакрыцьцях вуліц з прычыны перамяшчэньня спэцтэхнікі і выкарыстаньня піратэхнікі.

Перадвыбарныя камандна-штабныя вучэньні сілавікоў праходзяць з 19 па 22 лістапада ў Менску і іншых гарадах.

Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар. Многія электаральныя кампаніі суправаджаліся фізычным гвалтам, разгонамі пратэстоўцаў і палітычна матываванымі судамі над нязгоднымі.

21 лістапада КДБ у межах вучэньняў увёў рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Горадні і Горадзенскага раёну. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на КДБ.

«Прадугледжана задзейнічаньне вайсковай і іншай спэцыяльнай тэхнікі, узмоцнены кантроль і абмежаваньне дарожнага руху ў зоне правядзеньня праверачных мерапрыемстваў», — гаворыцца ў паведамленьні.

20 лістапада ў Менску адпрацоўваўся разгон мітынгаў і дэманстрацый, таксама ў адным з гандлёвых цэнтраў прайшоў трэнінг спэцназу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сілавікі перад выбарамі ў Беларусі адпрацавалі затрыманьне пратэстоўцаў і іншыя «сцэнары 2020 году»