Сьвятлана Ціханоўская, адказваючы на пытаньне Свабоды, як пасьля прыходу Дональда Трампа да ўлады ў ЗША зьменяцца адносіны гэтай краіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і рэжымам Лукашэнкі, сказала:
«У нас ёсьць кантакты з прадстаўнікамі Дональда Трампа, мы ў добрых стасунках з Рэспубліканскай партыяй, і я амаль што ўпэўненая і хачу ў гэта верыць, што ЗША будуць моцна стаяць на сваіх прынцыпах, на якіх пабудаваная гэтая краіна. Гэта мір, правы чалавека, вяршэнства закону. Гэта тое, за што мы змагаемся. І мы чулі шмат дэклярацый у працэсе выбарчай кампаніі. Але што будзе важна — гэта дзеяньні, рашучасьць, лідэрства ЗША на міжнароднай арэне. І я хачу верыць, што яны будуць змагацца за дэмакратыю».
Наконт пэрспэктываў працягу Стратэгічнага дыялёгу дэмакратычных сілаў Беларусі і ЗША Ціханоўская заявіла:
«Наш Стратэгічны дыялёг, які быў арганізаваны раней, будзе працягваць інтэнсіўную працу. У нас там шмат кірункаў. Ня думаю, што з прыходам новай улады нешта зьменіцца ў гэтым напрамку».
Пры гэтым Ціханоўская падкрэсьліла, што беларускім дэмсілам «цяпер трэба працаваць у тры разы актыўней, чым дагэтуль».
«Наша задача — зрабіць так, каб Беларусь не была на апошнім месцы і каб яна гучала. І голас Беларусі быў ад беларусаў, а не ад Пуціна ці Лукашэнкі. Наша задача — каб Беларусь засталася незалежнай. Каб расейскія войскі былі выведзеныя ня толькі з Украіны, але і зь Беларусі. Каб былі такія ўмовы, што Расея не павінна ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Таму цяпер трэба працаваць у тры разы актыўней, чым дагэтуль. І вялікая патрэба будзе ў нашай дыяспары ў ЗША, у нашых мэдыя і ў нашых беларускіх актывістах па ўсім сьвеце. Яны будуць нашымі галасамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кавалеўскі ацаніў працяг Стратэгічнага дыялёгу беларускай апазыцыі і ЗША пасьля выбараў