Стала вядома, хто стаў новым лідэрам «Хэзбалы» пасьля забойства Хасана Насралы

Наім Касэм, архіўнае фота

Наім Касэм абвешчаны новым лідэрам радыкальнай шыіцкай групоўкі «Хэзбала», якая базуецца ў Лібане, паведамляе агенцтва Associated Press са спасылкай на заяву руху. «Хэзбала» — гэта і ваенізаваная групоўка, і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану.

«Хэзбала» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША, у той час як Эўразьвяз уключыў у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю.

Былы генэральны сакратар «Хэзбалы» Хасан Насрала быў забіты ў верасьні 2024 году пры ізраільскім удары па цэнтральным вайсковым штабе «Хэзбалы», разьмешчаным пад жылым домам у Бэйруце. У кастрычніку стала вядома пра гібель кіраўніка выканаўчай рады Гашыма Сафі ад-Дына, які лічыўся пераемнікам Насралы.

Наім Касэм быў намесьнікам Насралы з 1991 году. У заяве групоўкі, якую цытуе агенцтва, гаворыцца, што «Хэзбала» працягне палітыку Насралы «да таго часу, пакуль ня будзе дасягнутая перамога».

СМІ пісалі, што 5 кастрычніка Касэм вылецеў з Бэйруту на іранскім самалёце ў Дамаск, а адтуль у Тэгеран.

Касэм удзельнічаў у арганізацыі выбарчых кампаній «Хэзбалы» ў парлямэнт Лібану з таго часу, як групоўка ўпершыню прыняла ўдзел у выбарах у 1992 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ізраіль ліквідаваў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу. Ён быў забіты ў выніку ўдараў у Лібане 27 верасьня