Атака дронамі: адзін расейскі бесьпілётнік заляцеў у Беларусь, у рэгіёнах Расеі пацярпелі сьпіртзаводы

Расейская атака дронамі на Кіеў 17 кастрычніка 2024 году. Фота REUTERS

Ва Ўкраіне шмат ахвяр сярод цывільных.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 22 кастрычніка Расея атакавала мірныя ўкраінскія гарады 60 дронамі, 42 зь якіх зьбілі над Сумскай, Днепрапятроўскай, Чаркаскай, Данецкай, Запароскай, Кіеўскай, Херсонскай і Харкаўскай вобласьцямі.

«10 расейскіх бесьпілётнікаў лякацыйна згубіліся. Адзін БПЛА паляцеў у Беларусь, яшчэ тры — назад у Расею», — адзначылі ў камандаваньні Паветранымі сіламі Ўкраіны.

У Беларусі факт перасячэньня расейскім бесьпілётнікам украінска-беларускай мяжы не камэнтуюць.

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што над пяцьцю расейскімі рэгіёнамі зьбілі 18 украінскіх бесьпілётнікаў, у тым ліку 11 — над Бранскай вобласьцю, 3 — над Белгарадзкай, 2 — над Курскай і па адным над Тульскай і Арлоўскай вобласьцямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі абстралялі Крывы Рог, параненыя 17 чалавек

Ва Ўкраіне ў выніку расейскай атакі загінулі і параненыя цывільныя

У Сумскім раёне ў выніку ўдару бесьпілётнікаў «Герань-2» пашкоджаныя два жылыя дамы, адзін чалавек паранены і трое загінулі, у тым ліку адно дзіця.

У Данецкай вобласьці загінулі 7 грамадзян і 4 атрымалі раненьні. У выніку сталых абстрэлаў цярпіць жылы сэктар і інфраструктурныя аб’екты, у тым ліку прадпрыемствы, адміністрацыйныя памяшканьні і крамы.

У Запароскай вобласьці, якую расейцы цяпер усё часьцей атакуюць ня толькі дронамі, а і кіраванымі авіябомбамі, 3 чалавекі загінулі, 19 атрымалі раненьні. За апошнія содні Расея нанесла 303 удары па 9 населеных пунктах Запароскай вобласьці.

У Херсонскай вобласьці параненыя 9 чалавек. Расейцы пацэлілі ў інфраструктурны аб’ект, жылыя кварталы, гаражы, газа- і водаправод, прыватныя аўтамабілі, грамадзкі транспарт, машыну хуткай дапамогі і сельскагаспадарчую тэхніку.

Улады Харкаўскай вобласьці працягваюць эвакуацыю з памежных з Расеяй памежных населеных пунктаў. Ёсьць інфармацыя аб адным параненым у выніку абстрэлаў. Расейскія войскі працягваюць штурмы ў раёнах Ліпцаў, Ваўчанску і на купянскім кірунку. З уразьлівай зоны ўдалося эвакуаваць 214 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея нанесла ўдар па Адэскай вобласьці, пашкоджаны порт і два сухагрузы, ёсьць ахвяры сярод супрацоўнікаў

У Расеі пацярпелі два сьпіртавыя і адзін хімічны завод

Губэрнатары Тульскай, Тамбоўскай і Варонескай вобласьцяў паведамілі аб ударах украінскіх дронаў у прадпрыемствы. Хоць расейскае Мінабароны не паведамляла пра зьбіцьцё дронаў над апошнімі двума рэгіёнамі.

У Тульскай вобласьці пашкоджаныя памяшканьні Яфрэмаўскага сьпіртзаводу і сьпіртзаводу ў пасёлку Лужкоўскі Сувораўскага раёну.

У Тамбоўскай вобласьці адбыўся выбух на прадпрыемстве «Біяхім» у горадзе Расказава. Пажар патушылі цягам гадзіны. Завод таксама вырабляе сьпірт і прадукцыю, якая, паводле ўладаў, мае стратэгічнае значэньне для дзяржавы.

У Варонескай вобласьці зьбіты дрон упаў на цэх прамысловага прадпрыемства. Адзін з паверхаў загарэўся. Улады не ўдакладнілі профіль дзейнасьці пашкоджанага аб’екта.

Улады ўсіх рэгіёнаў падкрэсьлілі, што ў выніку ўкраінскай атакі пацярпелых сярод цывільных няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея абстраляла Запарожжа, Крывы Рог і Адэшчыну, украінцы нанесьлі ўдар па вайсковым аэрадроме ў Адыгеі

Ва ўмовах вайны незалежна пацьвердзіць або зьняпраўдзіць інфармацыю немагчыма.

Расея ад пачатку свайго ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну прыцэльна наносіць удары па жылых кварталах, аб’ектах сацыяльнай і энэргетычнай інфраструктуры. Кіраўніцтва Расеі гэта зьняпраўджвае.

Улады Ўкраіны і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі, якія маюць мэтанакіраваны характар.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.