Расейскія вайскоўцы зноў ударылі па Харкаве, пацярпеў 21 чалавек

Разбор завалаў пасьля расейскага ўдару па Харкаве. Архіўнае фота

Сярод пацярпелых — 16-гадовы падлетак. Трое параненых знаходзяцца ў цяжкім стане.

Расейскія вайскоўцы ўдарылі па прадпрыемстве ў Харкаве, пацярпеў 21 чалавек, паведаміў мэр горада Ігар Церахаў.

Паводле яго, пасьля ўдару пачаўся маштабны пажар. Пад заваламі могуць знаходзіцца два чалавекі, іх пошукі працягваюцца.

Сярод пацярпелых — 16-гадовы падлетак. Трое параненых знаходзяцца ў цяжкім стане, напісаў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна абстрэльваюць Харкаўскую вобласць. 24 верасьня ў выніку расейскага авіяўдару па жылым доме ў Харкаве загінулі пяць чалавек, пацярпелі больш за 30. Мэр горада пісаў, што ў доме абвалілася шэсьць паверхаў. Гэты шматпавярховік, паводле Сінягубава, расейскія вайскоўцы ўжо абстрэльвалі ў пачатку вайны, але дом быў адрамантаваны і падрыхтаваны да ацяпляльнага сезону. У ім пражывалі 82 чалавекі.

Войскі Расеі рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны, у прыватнасці Кіеў, Харкаў, Адэсу, Запарожжа, Херсон з розных відаў зброі — выкарыстоўваюць ударныя БПЛА, ракеты, гарматы.

Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што яе армія ў ходзе поўнамаштабнай вайны наносіць паасобныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, у выніку чаго гіне мірнае насельніцтва і разбураюцца лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы з боку Расейскай Федэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны носяць мэтанакіраваны характар.

Паводле звестак ААН, з 24 лютага 2022 года па жнівень 2024 года ў выніку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне загінулі ня менш за 11 743 мірныя жыхары (у тым ліку 613 дзяцей) і 24 614 атрымалі раненьні — арганізацыя змагла пацьвердзіць дадзеныя аб гэтых людзях. У той жа час у ААН адзначаюць, што рэальныя лічбы могуць быць большымі, паколькі некаторыя паведамленьні аб ахвярах сярод мірнага насельніцтва пакуль не пацьверджаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея нанесла адначасовыя ўдары адразу па чатырох раёнах Харкава. Ёсьць загінулыя і параненыя. ФОТА

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.