Лукашэнка сваім указам пашырыў магчымасьці зьбіваць бесьпілётнікі

Расейскі ўдарны бесьпілётнік, ілюстрацыйнае фота

Указ № 392 ад 7 кастрычніка дае новую рэдакцыю парадку спыненьня палётаў авіямадэляў і бесьпілётных лётных апаратаў, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. Гэты дакумэнт уносіць зьмены ў адпаведны ўказ № 215 ад 5 чэрвеня 2019 года .

У адпаведнасьці з новай вэрсіяй указу правам ужываць зброю й спэцыяльныя сродкі супраць БПЛА «разам з вайскоўцамі (супрацоўнікамі) вайсковых фармаваньняў і органаў унутраных справаў» цяпер будуць надзеленыя таксама «супрацоўнікі іншых ваенізаваных арганізацыяў».

Такія паўнамоцтвы атрымаюць: органы пракуратуры, СК, Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў, органы фінансавых расьсьледаваньняў КДК, Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнту, органы і падразьдзелы надзвычайных сытуацыяў, мытныя органы.

У новай вэрсіі ўказу таксама адзначаецца, што яго нормы ўведзеныя ў тым ліку дзеля «запэўненьня нацыянальнай бясьпекі, аховы грамадзкага парадку і грамадзкай бясьпекі».

У ранейшай вэрсіі дакумэнту такой спасылкі не было.

Новая рэдакцыя прынятая «ў мэтах нарматыўнага замацаваньня права на ўжываньне фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў, зброі, баявой і спэцыяльнай тэхнікі ня толькі ў дачыненьні да авіямадэляў і БПЛА, але і бесьпілётных паветраных суднаў, бесьпілётных транспартных сродкаў, уключаючы падводныя і надводныя судны, наземныя апараты і комплексы, кіраваньне якімі ажыцьцяўляецца дыстанцыйным спосабам ці ў аўтаматычным рэжыме».

У ранейшай вэрсіі дакумэнту гаварылася, што «ўжываць фізычную сілу, спэцыяльныя сродкі, зброю, баявую і спэцыяльную тэхніку» можна «ў дачыненьні да авіямадэляў і бесьпілётных лятальных апаратаў у мэтах спыненьня іх палёту шляхам прымусу да пасадкі, пашкоджаньня або зьнішчэньня ў выпадках, калі такі палёт робіцца з парушэньнем устаноўленага парадку ў зонах, забароненых для выкарыстаньня авіямадэляў, і забароненых зонах адпаведна».

  • У ліпені, жніўні і верасьні тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», які спэцыялізуецца на маніторынгу ваеннай сытуацыі, паведамляў аб мностве выпадкаў уварваньня ў паветраную прастору Беларусі бесьпілётнікаў, якімі Расея атакуе Ўкраіну.
  • У ноч на 3 кастрычніка на тэрыторыю Беларусі чарговы раз заляцеў расейскі БПЛА, дрон іранскай маркі «Шахэд» упаў у Калінкавічах Гомельскай вобласьці.
  • 4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэньня мяжы Беларусі баявымі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускі бок «шмат» зьбівае, нягледзячы на тое, украінскія яны ці расейскія.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.