Пасьля сустрэчы зь Зяленскім Трамп заявіў, што дамоўленасьць з Расеяй аб спыненьні вайны павінна быць справядлівай

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп перад пачаткам сваёй сустрэчы 27 верасьня. Фота REUTERS

Перад гэтым Уладзімір Зяленскі правёў перамовы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам і віцэ-прэзыдэнтам, кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі Камалай Гарыс.

Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на пасаду прэзыдэнта ЗША Дональд Трамп заявіў, што зможа хутка завяршыць вайну пасьля сваёй перамогі на выбарах.

Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода з спасылкай на агенцтва Reuters, сустрэча Ўладзіміра Зяленскага і Дональда Трампа праходзіць у Нью-Ёрку.

«У нас вельмі добрыя дачыненьні [зь Зяленскім], і ў мяне таксама вельмі добрыя дачыненьні, як вы ведаеце, з прэзыдэнтам Пуціным. І я мяркую, калі мы пераможам, я мяркую, што мы вырашым гэтае пытаньне вельмі хутка», — сказаў Дональд Трамп.

Украінскае выданьне «Європейська правда» паведаміла, што на выказваньне Трампа пра дачыненьні з Пуціным Зяленскі сказаў: «Я спадзяюся, што ў нас лепшыя дачыненьні». На гэта Трамп адказаў прыказкаю: «Для танга патрэбныя двое».

«Сёньня ў нас будзе добрая сустрэча. Я мяркую, той факт, што мы сёньня сабраліся, — добры знак», — сказаў кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на пасаду прэзыдэнта ЗША.

У этэры ўсеўкраінскага тэлемаратону паведамілі, што першапачаткова не плянавалася брыфінгаў для журналістаў пасьля гэтай сустрэчы, але перад яе пачаткам журналісты з дазволу Дональда Трампа змаглі задаць два пытаньні.

Пазьней Украінская служба Радыё Свабода ўдакладніла, што сустрэча працягвалася каля 40 хвілін.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што патрэбны ціск на прэзыдэнт Расеі Ўладзіміра Пуціна.

«Мы павінны зрабіць усё, каб націснуць на яго, каб ён спыніў гэтую вайну. Ён на нашай тэрыторыі. Гэта найважней зразумець. Ён на нашай тэрыторыі», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

У размове з Fox News пасьля сустрэчы Дональд Трамп сказаў: «Мы абодва хочам, каб гэта закончылася. І мы абодва хочам, каб была дасягнута справядлівая дамоўленасьць. Яна павінна быць справядлівай. І я мяркую, што гэта адбудзецца ў патрэбны час».

Ні Трамп, ні Зяленскі публічна не патлумачылі дэталяў патэнцыйных дамоўленасьцяў.

26 верасьня ў Белым доме адбыліся перамовы прэзыдэнта Ўкраіны Зяленскага з амэрыканскім калегам Джо Байдэнам, а таксама віцэ-прэзыдэнтам ЗША і кандыдатам у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Камалай Гарыс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі сустрэўся з Гарыс і Байдэнам. Яго запэўнілі ў падтрымцы Ўкраіны вайсковай тэхнікай

Раней у чацьвер, 26 верасьня, Уладзімір Зяленскі, які знаходзіцца зь візытам у ЗША, прыбыў у Капітолій, дзе яго віталі лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр і лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Сэнаце Мітч Макконэл. Пазьней Зяленскі паведаміў, што сустрэўся з двухпартыйнай дэлегацыяй Сэнату, каб абмеркаваць ключавыя пункты свайго пляну перамогі.

У сувязі з паездкай Зяленскага ў ЗША паведамлялася, што ён рыхтуецца прадставіць Байдэну і Гарыс так званы плян перамогі. Прадстаўнікі Зяленскага таксама казалі, што ён плянуе пабачыцца з Дональдам Трампам. Сам жа Трамп праз час пацьвердзіў, што сустрэча павінна адбыцца 27 верасьня. На гэтым тыдні Дональд Трамп абрынуўся на ўкраінскага лідэра з нападкамі. Ён сказаў, што ЗША «працягваюць даваць мільярды даляраў чалавеку, які адмаўляецца заключыць угоду», каб пакласьці канец вайне. Пасланьне палітыка-рэспубліканца супастаўляецца з расейскай прапагандай, якая сьцьвярджае, што кровапраліцьце падаўжае не агрэсія Масквы, а непрымірымасьць Кіева, адзначае AP.

Паводле дадзеных СМІ, «плян перамогі» Ўладзіміра Зяленскага зьмяшчае, сярод іншага, просьбу дазволіць Украіне наносіць удары па цэлях у глыбіні Расеі заходняй зброяй, а таксама фармальнае запрашэньне Ўкраіны ў NATO.

Шэраг СМІ пісалі, што ў адміністрацыі ЗША скептычна ставяцца прынамсі да часткі гэтага пляну, называючы яго проста пашыраным наборам патрабаваньняў, а не стратэгіяй. Афіцыйна Вашынгтон плян пакуль не камэнтаваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз і яшчэ больш за 30 краін прынялі Сумесную дэклярацыю аб падтрымцы аднаўленьня і рэканструкцыі Ўкраіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.