Паводле слоў Лукашэнкі, якія перадае прэсавая служба і дзяржаўныя СМІ, размова не ідзе аб уступленьні ў баявыя дзеяньні Ўзброеных сіл Беларусі, таму што гэтага не адбудзецца, пакуль «чужы бот ня ступіць на беларускую зямлю».
Лукашэнка сьцьвярджае, што ЗША «сказалі Кіеву, калі складуцца абставіны, атакаваць <...> беларускую інфраструктуру па паўднёвай мяжы».
«Прычына — расейскія бесьпілётнікі лятаюць побач з тэрыторыяй Беларусі. Павінен вам адкрыта заявіць: мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы ня будзем у СМІ падсьвятляць факты залёту бесьпілётнікаў і расейскіх, і ўкраінскіх на нашу тэрыторыю», — сказаў ён.
Лукашэнка прызнаў, што баявыя бесьпілётнікі час ад часу залятаюць на тэрыторыю Беларусі, адзін зь іх нібыта быў знойдзены «ажно пад Бабруйскам». «Гэта былі ўкраінскія бесьпілётнікі, а не расейскія. Хаця і зь іншага боку бывае», — удакладніў Лукашэнка.
«Хачу папярэдзіць нашых праціўнікаў, нашых супернікаў. І тых, хто не разумее яшчэ. Ня трэба гэтага рабіць. Напад на Беларусь — гэта Трэцяя сусьветная вайна», — сказаў Лукашэнка.
«Беларускую міралюбнасьць», паводле яго, ня варта «разумець і прымаць за слабасьць».
«Калі я кажу пра гэта, вы не падумайце, што я блефую ці згушчаю фарбы. Не. Як ніколі раней, нам ёсьць чым адказаць», — заявіў Лукашэнка.
У ліпені, жніўні і верасьні тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», які спэцыялізуецца на маніторынгу ваеннай сытуацыі, паведамляў аб мностве выпадкаў уварваньня ў паветраную прастору Беларусі бесьпілётнікаў, якімі Расея атакуе Ўкраіну.
- У ноч на 5 верасьня некалькі дронаў былі зьбітыя над Гомелем, абломкі аднаго зь іх упалі на будынак складу, ніхто не пацярпеў. Міністэрства абароны было вымушанае прызнаць факт парушэньня мяжы лятальнымі аб’ектамі, не назваўшы пры гэтым, каму яны належалі.
- Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн», раніцай 7 верасьня адзін з расейскіх бесьпілётнікаў уварваўся ў паветраную прастору краіны ў раёне Пінску (Берасьцейская вобласьць) і «працягнуў рух на поўнач», зайшоў у Горадзенскую вобласьць і даляцеў «да самых Карэлічаў і Навагрудку», што зафіксавана упершыню.
- 8 верасьня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэжыцкім краі (не зьяўляецца прымежным, знаходзіцца прыкладна за 35 км ад мяжы зь Беларусьсю) разьбіўся расейскі дрон.
- 9 верасьня кіраўніцтва Нацыянальных узброеных сіл Латвіі заявіла, што расейскі дрон, які пацярпеў крушэньне ў Гайгалаўскай воласьці Рэжыцкага краю Латвіі, «быў начыненым выбухоўкай бесьпілётнікам тыпу Shahed».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Cьведкі заўважылі дрон і авіяцыю на захадзе Менскай вобласьці 7 верасьня. ВІДЭАГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Латвіі паведамілі, што расейскі дрон, які ўпаў у іх, быў начынены выбухоўкайВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.