Расея запусьціла па Ўкраіне ня менш за 127 ракет і 109 дронаў, — Зяленскі

Пажар ў Кіеве пасьля атакі расейскіх дронаў, 26 жніўня 2024 году.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў аб пасяджэньні Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага аб аднаўленьні энэргетыкі пасьля аднаго з самых вялікіх расейскіх абстрэлаў 26 жніўня.

Па словах кіраўніка краіны, войскі РФ запусьцілі па Ўкраіне сёньня сама меней 127 ракет і 109 дронаў.

«Дэталёва, па кожным рэгіёне прааналізавалі эфэктыўнасьць сыстэм СПА і РЭБ, мабільных агнявых груп, а таксама інжынэрнай абароны. Прынялі адпаведныя рашэньні. На саміх аб’ектах ідзе ліквідацыя наступстваў, рамонт, разьмініраваньне. Дзе-нідзе дзяржава-тэрарыст атакавала цывільныя аб’екты касэтнымі боепрыпасамі. Павінны папрацаваць сапэры, перш чым энэргетыкі пачнуць рамонт», — напісаў Зяленскі.

Раніцай 26 жніўня расейскія вайскоўцы зрабілі маштабную атаку на Ўкраіну з дапамогай ударных дронаў і крылатых ракет. Расея падняла ў неба 11 стратэгічных бамбавікоў. У выніку расейскага масавага нападу на энэргетычную інфраструктуру пацярпела 15 абласьцей Украіны, паведаміў прэм’ер-міністар Дзяніс Шмігаль.

  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна па розных відах узбраеньня — ударнымі БПЛА, ракетамі, КАБамі, РСЗА — атакуюць ўкраінскія рэгіёны.
  • Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы цывільнае насельніцтва і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Неапазнаны аб’ект трапіў на тэрыторыю Польшчы падчас масавага расейскага абстрэлу Ўкраіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Паўнавартасны наступ з тэрыторыі Беларусі немагчымы — Рада нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны