Узброеныя сілы Ўкраіны ўзялі ў палон некалькі соцень расейскіх салдатаў тэрміновай службы ў Курскай вобласьці, паведамляе амэрыканская газэта The Washington Post.
Амэрыканскія журналісты пабывалі ў лягеры ваеннапалонных, месца знаходжаньня якога не называецца. Паводле іх, «ва ўкраінскай турме камэры поўныя маладых расейскіх прызыўнікоў». У артыкуле прыводзіцца мноства фотаздымкаў маладых расейскіх палонных.
Начальнік турмы, які гаварыў з журналістамі на ўмовах ананімнасьці, каб гарантаваць, што разьмяшчэньне турмы ня будзе раскрытае, сказаў, што за апошнія 10 дзён праз установу прайшлі 320 расейскіх палонных, а далей іх накіроўваюць у іншыя месцы ўтрыманьня — так званыя папраўча-працоўныя лягеры ва Ўкраіне.
Начальнікі турмы дадаў, што зь ліку тых 320 палонных толькі каля 20% назвалі сябе кантрактнікамі або іншым чынам мабілізаванымі салдатамі. З гэтага вынікае, што прыблізна 250 палонных былі прызыўнікамі тэрміновай службы.
Некаторыя з маладых людзей, сказаў начальнік, былі «вельмі напалоханыя», калі яны ўпершыню прыбылі ў турму, але з таго часу адаптаваліся.
Паводле газэты, пераважная большасьць палонных не пацярпелі. Зь імі добра абыходзяцца, аказваюць мэдычню дапамогу, кормяць тры разы на дзень і рыхтуюць да адпраўкі ў іншыя месцы ўтрыманьня на тэрыторыі Ўкраіны.
- 6 жніўня ў Курскай вобласьці ідзе наступ украінскай арміі. УСУ заяўляюць аб кантролі над дзясяткамі населеных пунктаў. Глушкаўскі раён у ходзе апэрацыі ЩСУ ў Курскай вобласьці апынуўся заціснутым з трох бакоў: з захаду і поўдня — украінская мяжа, з усходу — Суджанскі раён, дзе ад 6 жніўня ідуць баі.
- У Курскай вобласьці дзейнічае рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню. 15 жніўня мясцовыя ўлады аб’явілі аб эвакуацыі ўсяго Глушкаўскага раёну і райцэнтру. Расейскія праваенныя блогеры сьцьвярджаюць, што рашэньне прынятае на фоне абстрэлаў з боку ЎСУ аб’ектаў інфраструктуры — у тым ліку мосту праз раку Сейм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украінскі наступ у Курскай вобласьці сарваў сакрэтныя перамовы паміж Масквой і Кіевам, — Washington PostВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.