А на ўжо кантраляваных тэрыторыях УСУ ўзводзяць фартыфікацыйныя збудаваньні.
Таксама ў праваенных расейскіх тэлеграм-каналах распаўсюджваецца інфармацыя аб тым, што ў Курскую вобласьць з Афрыкі перакідваюць падразьдзяленьні ПВК «Вагнер», якія назапасілі істотны баявы вопыт, паколькі звычайная армія пакуль ня можа выбіць Узброеныя сілы Ўкраіны з захопленых населеных пунктаў.
Украінскія крыніцы паведамляюць, што ў палон здаліся ўжо больш за пяцьдзесят расейскіх салдат, частка зь якіх — вайскоўцы тэрміновай службы.
Украінскія вайскоўцы за час прарыву на тэрыторыю Курскай вобласьці Расеі змаглі ўзяць пад свой кантроль да цяперашняга моманту адзінаццаць населеных пунктаў, паведамляе The Insider са спасылкай на розныя крыніцы, у тым ліку мясцовых жыхароў.
Галоўным чынам гаворка ідзе аб зусім невялікіх селішчах, аднак у цэлым УСУ кантралююць на дадзены момант каля 350 квадратных кілямэтраў: паводле памеру гэта параўнальна з тэрыторыяй гораду Харкаў.
У чацьвер Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў відэафармаце з выканаўцам абавязкаў губэрнатара рэгіёну Аляксеем Сьмірновым паабяцаў выплаціць па 10 тысяч рублёў сем’ям, якія пакінулі свае дамы з прычыны баёў у Курскай вобласьці. Пуцін таксама сказаў, што жыцьцё ставіць перад Смірновым «неардынарныя задачы».
Выданьне The Insider адзначае, што пры гэтым для жыхароў рэгіёну, якія падпісваюць кантракт зь Мінабароны, устаноўленая аднаразовая выплата ў 400 тысяч рублёў.
Самі мясцовыя жыхары, мяркуючы па шматлікіх відэа, апублікаваных у курскіх тэлеграм-каналах, скардзяцца на адсутнасьць дапамогі ў эвакуацыі і сьцьвярджаюць, што заявы расейскіх вайскоўцаў аб кантролі над сытуацыяй — хлусьня.
Жыхары найбольш пацярпелага ад баёў Суджанскага раёну запісалі зварот да Пуціна з патрабаваньнем прымусіць мясцовыя ўлады працаваць і праўдзіва інфармаваць насельніцтва. На іх думку, прэзыдэнта Расеі ўводзяць у зман падначаленыя.
Міністар аховы здароўя Расеі Міхаіл Мурашка паведаміў у чацьвер, што ў выніку абстрэлаў Курскай вобласьці з 6 па 8 жніўня пацярпелі 66 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей. У мэдычных установах рэгіёну, паводле слоў міністра, зь ліку пацярпелых знаходзяцца 38 чалавек.
- Рэгулярныя часткі ўзброеных сіл Украіны ўварваліся ў Суджанскі раён Курскай вобласьці 6 жніўня. У рэгіёне аб’яўлены рэжым надзвычайнай сытуацыі. Украінскі бок паведамленьні аб прарыве празь мяжу афіцыйна не камэнтаваў. Наступальная апэрацыя ЎСУ ў Курскай вобласьці стала найбуйнейшай на тэрыторыі Расеі з пачатку вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вайна прыйшла ў Курскую вобласьць. Чаму маўчыць ЛукашэнкаВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.