У выніку расейскіх абстрэлаў загінулі мірныя жыхары ў чатырох абласьцях Украіны

Архмўнае ілюстрацыйнае фота. Наступствы ракетнага ўдару па вёсцы Новаасінавае Харкаўскай вобласьці

У выніку расейскіх абстрэлаў у выходныя загінулі пяць мірных жыхароў падкантрольных Украіне раёнаў Данецкай вобласьці, чатыры — у Харкаўскай вобласьці і яшчэ некалькі — у Сумскай і Херсонскай абласьцях.

11 загінулых за 27 ліпеня ў чатырох абласьцях

Пяць мірных жыхароў падкантрольных Украіне раёнаў Данецкай вобласьці загінулі ў суботу 27 ліпеня ў выніку расейскіх абстрэлаў. Паводле абласной адміністрацыі, трое загінулі ў населеным пункце Іванаўка і па адным — у Канстанцінаўцы і Тарэцку. Яшчэ 15 чалавек у вобласьці за дзень атрымалі раненьні.

Расейскія вайскоўцы працягваюць спробы наступу на шэрагу напрамкаў у Данецкай вобласьці. Баі ідуць у прыватнасьці ў пасёлку Нью-Ёрк, пад горадам Тарэцк, а таксама ў напрамку Пакроўска на захадзе вобласьці, дзе расейскія вайскоўцы ў апошнія дні захапілі шэраг населеных пунктаў.

У Херсонскай вобласьці 27 ліпеня ў выніку расейскай агрэсіі загінулі 4 чалавекі: 37-гадовая і 64-гадовая жанчыны, а таксама 57-гадовы і 87-гадовы мужчыны. Яшчэ 4 атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандар Пракудзін. Расейскія вайскоўцы абстралялі навучальную ўстанову, таксама пашкоджаныя 3 шматпавярховыя дамы і 18 прыватных дамоў, асабістыя аўтамабілі.

У Харкаўскай вобласьці ў выніку абстрэлу сяла Маскалеўка Чугуеўскага раёна загінула 71-гадовая жыхарка, у Купянскім раёне паранены 54-гадовы мужчына, ён у цяжкім стане. Абстрэлам пашкоджаныя чатыры дамы і прыватны будынак, гаспадарчыя пабудовы і аўтамабіль, паведамляе кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Напярэдадні таксама паведамлялі пра гібель жыхаркі Херсонскай вобласьці.

У Сумскай вобласьці, на поўначы Ўкраіны, у горадзе Глухаў пры абстрэле загінула дзіця 14 гадоў, 13 чалавек параненыя, зь іх 7 дзяцей.

28 ліпеня без загінулых, але ёсьць пацярпелыя

У Днепрапятроўскай вобласьці ў выніку абстрэлу горада Нікапаль 28 ліпеня ёсьць пацярпелыя, сярод іх двое дзяцей — дзяўчынкі 1 і 10 гадоў. Двум пацярпелым надалі дапамогу на месцы, яшчэ шасьцёра трапілі ў бальніцы. У цэлым па горадзе пашкоджаныя шматпавярховыя дамы і інфраструктура, зьнявечаны шапік, машыны, газаправод і лініі электраперадачы.

З самай раніцы 28 ліпеня расейскія войскі працягваюць абстрэлы Херсонскай вобласьці. У Херсоне ў выніку атакі дрона пацярпелі 26-гадовы мужчына і 42-гадовая жанчына, у абодвух выбуховыя траўмы і пашкоджаньні сьцягна, іх шпіталізавалі.

У вёсцы Камышаны (у 9 км ад Херсона) раненьніатрымалі 32-гадовая маці і двое яе дзяцей (10-гадовая дзяўчынка і 15-гадовы хлопчык), а таксама 75-гадовая і 56-гадовая жанчыны. У яе выбуховыя і чэрапна-мазгавыя траўмы, кантузія. Усіх пацярпелых шпіталізавалі. Таксама выбуховую траўму і кантузію атрымаў 16-гадовы хлопец, ён сам зьвярнуўся ў лякарню.

У вёсцы Прыазёрнае Херсонскага раёну выбухованебясьпечнае раненьне і кантузію атрымала 65-гадовая жанчына.

У Кіндыйцы (вёска ў ваколіцах Херсона) у выніку абстрэлу паранены 76-гадовы мясцовы жыхар, яго шпіталізавалі.

  • Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны з Украінай расейскія войскі штодня абстрэльваюць і атакуюць яе тэрыторыю дронамі, ракетамі і кіраванымі бомбамі. Нягледзячы на шматлікія доказы і сьведчаньні, Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што цэліцца толькі па ваенных аб’ектах, але ахвярамі рэгулярна становяцца мірныя жыхары.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.