8 ліпеня расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар адразу па некалькіх гарадах Украіны. Масавы ўдар па Ўкраіне нанесьлі больш як 40 ракетамі розных тыпаў, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Расея атакавала Кіеў, Дніпро, Крывы Рог, Славянск і Краматорск.
Колькасьць пацярпелых у выніку атакі Расеі па Кіеве вырасла да 100 чалавек, паведамляе Офіс Генпракурора Ўкраіны. Паводле стану на 19-ую 9 ліпеня вядома пра 30 загінулых, зь іх 4 дзяцей, якіх дасталі з-пад завалаў шматкватэрнага дома. 7 загінулых у Саламянскім раёне, 14 — у Шаўчэнкаўскім і яшчэ 9 — у Дняроўскім раёне.
Траўмы атрымалі агулам 70 чалавек. Усе пацярпелыя — мірныя жыхары.
Раніцай 9 ліпеня Ўладзімір Зяленскі паведамляў, што агульная колькасьць ахвяраў расейскага масіраванага ракетнага ўдару па Ўкраіне 8 ліпеня вырасла да 43, сярод іх чацьвёра дзяцей. Яшчэ 190 чалавек атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Паводле яго, па стане на раніцу 9 ліпеня ў бальніцах Кіева знаходзіліся 64 пацярпелых, Крывога Рога — 28 чалавек.
Сярод іншых аб’ектаў ад расейскай ракеты пацярпела адно з памяшканьняў дзіцячай лякарні «Охматдит» у Кіеве. Пашкоджаны будынак, у якім дзеці праходзілі дыяліз, паведаміў міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко. Служба бясьпекі Ўкраіны назвала атаку «тэрарыстычным актам» і адкрыла з гэтай нагоды крымінальную справу.
Паводле папярэдніх зьвестак сьледзтва, Узброеныя сілы Расеі для атакі на мэдычную ўстанову выкарысталі стратэгічную крылатую ракету Х-101.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ракетная атака Расеі па Ўкраіне: шмат ахвяр, у Кіеве пацярпеў найбуйнейшы дзіцячы шпіталь. ФОТАДзяржаўны дэпартамэнт ЗША заявіў, што расейцы наўмысна атакуюць такія аб’екты.
«Мы бачылі, як Расея нанесла чарговы жорсткі ракетны ўдар па мірным насельніцтве Кіева і іншых гарадоў Украіны… Гэта аб’екты, якія ня служаць ніякай ваеннай мэце. Украінскай вайсковай тэхнікі яны не хаваюць. Украінскіх вайскоўцаў яны не хаваюць. Гэта цывільная інфраструктура, якая ня можа і не павінна быць аб’ектам ваенных нападаў. Але мы зноў бачым, што Пуцін наўмысна атакуе цывільную інфраструктуру ў рамках сваёй крывавай вайны супраць Украіны», — сказаў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт’ю Мілер.
У Пэнтагоне пагадзіліся з заявай Дзярждэпартамэнту і адзначылі, што Расея не ўпершыню атакуе відавочна цывільныя аб’екты.
«Я думаю, вы ўбачыце на саміце на гэтым тыдні дэманстрацыю сілы, адзінства і рашучасьці альянсу NATO, асабліва ў дапамозе Ўкраіне абараніць сябе і свой сувэрэнітэт», — сказаў прэс-сакратар Пэнтагону Пэт Райдэр.
Акрамя яго, пра магчымасьць таго, што ЗША і хаўрусьнікі па NATO на тыдні аб’явяць пра новыя захады ўмацаваньня СПА Ўкраіны, сказаў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Байдэн: ЗША і хаўрусьнікі па NATO на тыдні аб’явяць пра новыя захады ўмацаваньня СПА ЎкраіныРасея спрабуе адмовіцца ад адказнасьці за ракетны абстрэл дзіцячай лякарні, гаворыцца ў справаздачы Амэрыканскага інстытуту вывучэньня вайны (ISW). Аналітыкі адзначылі, што расейскія афіцыйныя асобы і суб’екты інфармацыйнай прасторы робяць ілжывыя заявы пра ракеты і стан шпіталя — усё гэта супярэчыць наяўным доказам.
Некаторыя расейскія блогеры сьцьвярджалі, што расейскія войскі спрабавалі нанесьці ўдар па машынабудаўнічым заводзе імя Арцёма, які знаходзіцца прыкладна за 1,6 кілямэтра на поўнач ад «Охматдиту», але насамрэч удар па заводзе нанесьлі іншыя расейскія ракеты, заявілі ў ISW.
Экспэрт вайсковага парталу Defense Express Іван Кірычэўскі паведаміў украінскай службе Свабоды пра тое, што расейская ракета мела каардынаты лякарні. Ён расказаў пра рух і траекторыю ракеты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Заявы Тэртэля ўспрынялі ва Ўкраіне як анонс удару па кіеўскіх шпіталях. Іх эвакуаваліПрэзыдэнт 78-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН Дэніс Фрэнсіс асудзіў атакі расейцаў. Ён заклікаў да салідарнасьці з Украінай у гэты няпросты момант.
«Я глыбока засмучаны гэтай трагедыяй. Маё сэрца з ахвярамі і іхнымі сем’ямі. Я толькі што пакінуў Украіну, дзе стаў сьведкам стойкасьці і мужнасьці ўкраінскага народу перад абліччам расейскай агрэсіі. Гэты несумленны напад на мірных жыхароў, асабліва дзяцей, зьяўляецца грубым парушэньнем міжнароднага права і прынцыпаў Статуту ААН. Усе цывільныя асобы павінны быць абаронены», — адзначыў Фрэнсіс.
«Охматдит» — найбуйнейшая дзіцячая лякарня Ўкраіны. Штогод у ёй лечаць больш за 20 тысяч дзяцей з усёй краіны. Загінулі двое дарослых, адна зь іх мэдык, 10 чалавек пацярпелі. Яшчэ некалькі будынкаў пашкоджаныя. Працягваюцца работы ў разьбіраньні завалаў і пошуку людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Завалы кіеўскага дзіцячага шпіталя, які разбамбілі расейцы, дапамагаў разьбіраць беларус, які страціў нагу на вайнеУлады ўкраінскай сталіцы абвясьцілі 9 ліпеня днём жалобы. У гэты дзень на ўсіх гарадзкіх будынках будуць прыспушчаны сьцягі. Таксама рэкамэндавана прыспусьціць дзяржаўныя сьцягі на дзяржаўных і прыватных будынках.
Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што ў горадзе забароненыя ўсе забаўляльныя мерапрыемствы, а радыёстанцыі і тэлеканалы павінны ўнесьці зьмены ў сваю сетку вяшчаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Рада Бясьпекі ААН абмяркуе расейскі ракетны ўдар па дзіцячым шпіталі ў КіевеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.