Байдэн: ЗША і хаўрусьнікі па NATO на тыдні аб’явяць пра новыя захады ўмацаваньня СПА Ўкраіны

Джо Байдэн, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што расейскія ракетныя ўдары па Ўкраіне, у тым ліку па галоўнай дзіцячай лякарні ў Кіеве, сталі «жахлівым напамінам аб жорсткасьці Расеі».

«Ракетныя ўдары Расеі, у выніку якіх загінулі дзясяткі мірных жыхароў Украіны, а таксама ёсьць ахвяры і разбурэньні ў найбуйнейшай дзіцячай лякарні Кіева, зьяўляюцца жахлівым напамінам аб жорсткасьці Расеі», — гаворыцца ў заяве Джо Байдэна, апублікаванай Белым домам.

Байдэн дадаў у сваёй заяве, што Вашынгтон і яго хаўрусьнікі ў NATO абвесьцяць на гэтым тыдні аб новых захадах па ўзмацненьні супрацьпаветранай абароны Ўкраіны.

«Вельмі важна, каб сьвет працягваў падтрымліваць Украіну ў гэты важны момант, і каб мы не ігнаравалі расейскую агрэсію», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

8 ліпеня днём расейская ракета ўдарыла ў лякарню ў Кіеве, таксама шквал ракет атакаваў іншыя гарады па ўсёй Украіне. У выніку гэтай самай сьмяротнай за апошнія месяцы хвалі авіяўдараў загінуў сама меней 41 мірны жыхар. Міністэрства абароны Расеі пры гэтым заявіла, што яго войскі нанесьлі ўдары па «аб’ектах абаронна-прамысловага комплексу і авіяцыйных баз на тэрыторыі Ўкраіны». А ўдар па кіеўскай дзіцячай лякарні, паводле вэрсіі, пададзенай Масквой, адбыўся пасьля запуску ўкраінскай ракеты СПА, запушчанай у межах гораду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ракетная атака Расеі па Ўкраіне: шмат ахвяр, у Кіеве пацярпеў найбуйнейшы дзіцячы шпіталь. ФОТА

Уладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна зробіць захады ў адказ, і заклікаў заходніх хаўрусьнікаў Кіева даць жорсткі адказ на напад.

Масква неаднаразова адмаўляла, што наносіць удары па цывільных насельніцтве і інфраструктуры, хаця з пачатку ўварваньня ў краіну загінулі тысячы мірных жыхароў, ёсьць тысячы фотаздымкаў, якія сьведчаць пра ўдары менавіта па цывільных аб’ектах.

Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону генэрал-маёр Пэр Райдэр, выступаючы са зваротам пасьля расейскіх атак, падкрэсьліў, што ЗША, іх хаўрусьнікі і партнэры працягнуць сумесную працу для забесьпячэньня Ўкраіны неабходнымі сродкамі СПА для адбіцьця расейскіх ракетных нападаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я ў гэтай гонцы да канца», — Байдэн заявіў прыхільнікам, што ня будзе здымацца з выбараў