У Менску зноў заявілі аб імаверных дывэрсіях і нарошчваньні войскаў каля Беларусі. Што з гэтымі заявамі ня так

Намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Ўладзімір Купрыянюк, 5 ліпеня 2024. Фота прэсавай службы Міністэрства абароны

У Міністэрстве абароны Беларусі заявілі пра напружаную сытуацыю на заходняй і паўднёвай мяжы краіны.

Намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Ўладзімер Купрыянюк заявіў аб «сыстэмным нарошчваньні кааліцыйных сіл NATO» каля заходніх межаў і аб «напружанай сытуацыі» на паўднёвай мяжы Беларусі.

«Кіраўніцтва NATO рэалізуе пляны ў далейшым нарошчваньні вайсковай прысутнасьці на тэрыторыі сумежных з намі дзяржаў. Сёньня толькі на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі разгарнулі 10 шматнацыянальных баявых тактычных груп агульнай колькасьцю больш за 11 тысяч чалавек. І гэта без уліку вайсковых фармаваньняў нацыянальных узброеных сіл нашых суседзяў», — працытавала Ўладзіміра Купрыянюка прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.

Паводле яго, на гэтым тле «абстаноўка на паўднёвай мяжы застаецца складанай і напружанай».

«Яшчэ некалькі гадоў таму для аховы ўкраінска-беларускага ўчастку дзяржаўнай мяжы выкарыстоўвалі выключна штатныя сілы і сродкі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны ў колькасьці каля 4,5 тысячы вайскоўцаў. Аднак ужо з другой паловы 2020 году побач з нашай мяжой мы фіксавалі павелічэньне прысутнасьці за кошт задзейнічаньня падразьдзелаў выведкі, фармаваньняў тэрытарыяльных войскаў, а таксама іншых сілавых структур Украіны, лік якіх да пачатку 2022 году дасягнуў 8 тысяч вайскоўцаў», — заявіў Купрыянюк.

Намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Ўладзімер Купрыянюк таксама сказаў, што Ўкраіна паскоранымі тэмпамі ўзводзіла інжынэрныя загароды і праводзіла мінаваньне ў памежных раёнах Ровенскай, Валынскай, Жытомірскай і Чарнігаўскай абласьцях.

Купрыянюк паведаміў, што цяпер у зоне адказнасьці за ўкраінска-беларускую мяжу ў памежных раёнах Украіны знаходзіцца «больш за 115 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку, непасрэдна каля мяжы — да 15 тысяч», а таксама перасоўваецца цяжкая тэхніка — танкі, артылерыйскія сыстэмы і сродкі супрацьпаветранай абароны.

«У той жа час не зьніжаецца інтэнсіўнасьць правакацыйных і дэманстрацыйных дзеяньняў з боку ўкраінскіх фармаваньняў, у тым ліку з выкарыстаньнем бесьпілётнай авіяцыі, якая парушала нашу дзяржаўную мяжу», — заявіў ён.

Намесьнік кіраўніка Генштабу сказаў, што мэтай гэтых дзеяньняў з боку Ўкраіны нібыта зьяўляецца ня толькі выведка, а і «спробы закідваньня на нашу тэрыторыю выбуховых рэчываў і іншых матэрыяльна-тэхнічных сродкаў» для дывэрсій.

Што з гэтымі заявамі ня так

Ва Ўкраіне ствараць сілы тэрытарыяльнай абароны на сыстэмнай аснове пачалі толькі ў пачатку 2022 году, калі выведкі заходніх партнэраў Украіны пачалі папярэджваць аб падрыхтоўцы Расеі да нападу на Ўкраіну. Тады гэтыя сілы былі выдзеленыя ў асобны род войскаў ва Ўзброеных сілах Украіны.

Будаваць фартыфікацыі на мяжы зь Беларусьсю Ўкраіна пачала пасьля таго, як расейскія войскі адступілі зь Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей, у якія яны ўвайшлі менавіта з тэрыторыі Беларусі .

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) неаднаразова заяўлялі, што Аляксандар Лукашэнка ўцягвае Беларусь у «інфармацыйныя апэрацыі» Крамля. Менавіта такім чынам экспэрты расцанілі апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі аб уцягваньні Захадам Беларусі ў ваенныя канфлікты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Інстытут вывучэньня вайны: Лукашэнка ўключае Беларусь у «інфармацыйныя апэрацыі Расеі»
  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

The Insider атрымаў перапіску супрацоўнікаў расейскай выведкі з плянамі Расеі ў дэстабілізацыі Ўкраіны і Захаду. Што ў ёй

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.