Краіны G7 ухвалілі выдзяленьне Ўкраіне $ 50 млрд за кошт расейскіх актываў да канца году

Сьцягі краін-удзельніц G7: Нямеччыны, Канады, Францыі, Італіі, Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША і Эўразьвязу

Лідэры краін G7 ухвалілі выдзяленьне Ўкраіне крэдыту ў памеры $50 млрд, які будзе пагашаны за кошт прыбытку ад замарожаных расейскіх актываў.

Як піша Bloomberg, сродкі плянуецца даць Кіеву да канца 2024 году. Пагашацца крэдыт будзе за кошт прыбытку ад замарожаных актываў штогод.

Суразмоўца агенцтва зазначыў, што тэхнічны бок пагадненьня будзе абмяркоўвацца пасьля саміту «Вялікай сямёркі», які заплянаваны на 13-14 чэрвеня.

Газэта Le Monde сьцьвярджае, што першапачаткова гэтая ініцыятыва зыходзіла ад прадстаўнікоў ЗША.

«Калі з тых ці іншых прычынаў расейскія актывы будуць размарожаныя або паступленьняў ад расейскіх актываў будзе недастаткова для фінансаваньня крэдыту, тады нам давядзецца разгледзець пытаньне аб тым, як падзяліць нагрузку», — цытуе выданьне прадстаўніка Эманюэля Макрона.

У ЗША захоўваецца каля $5-6 млрд з 300 млрд, якія былі замарожаныя ў Эўразьвязе, Канадзе, ЗША і Японіі пасьля 24 лютага 2022 году. У Эўропе захоўваецца $210 млрд. Чакаецца, што ўсе гэтыя замарожаныя сродкі будуць прыносіць ад $3 да 5 млрд за год.

ЗША, ЭЗ і іншыя краіны ўвялі санкцыі і замарозілі актывы Расеі і расейскіх алігархаў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Улетку 2023 году Міністэрства фінансаў ЗША заявіла аб блякаваньні актываў расейскіх алігархаў і Цэнтрабанку Расеі на суму больш за $330 млрд.

У траўні Эўразьвяз ухваліў перадачу даходаў ад замарожаных расейскіх актываў Украіне. Кіраўнік чэскага МЗС Ян Ліпаўскі ўдакладняў, што ў 2024 годзе Кіеву могуць накіраваць да 74 млрд крон (каля 3 млрд эўра). 90% гэтых сродкаў пойдуць на ваенныя патрэбы, 10% — на аднаўленьне краіны.

У Крамлі гэтае рашэньне назвалі «экспрапрыяцыяй». МЗС Расеі абяцаў увесьці меры ў адказ на выкарыстаньне прыбытку ад расейскіх замарожаных актываў. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ, які дазваляе судам выкарыстоўваць амэрыканскую маёмасьць у Расеі для кампэнсацыі стратаў ад канфіскацыі актываў у ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз ухваліў плян дапамогі Ўкраіне коштам замарожаных расейскіх актываў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт Эстоніі падпісаў закон аб выкарыстаньні замарожаных расейскіх актываў на карысьць Украіны