Расея ўначы выпусьціла па Ўкраіне 100 ракет і дронаў. Параненыя 20 чалавек, пашкоджаныя энэргетычныя аб’екты

У ноч на 1 чэрвеня расейскае войска зноў атакавала грамадзянскую і энэргетычную інфраструктуру Ўкраіны. Пацярпелі агулам 20 чалавек, паведамляюць украінскія ведамствы.

«Расея патрапіла па базе адпачынку ў Харкаўскай вобласьці», — напісаў кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка. Паводле ягоных зьвестак, пацярпелі 12 чалавек, сярод якіх 8 дзяцей. Усе яны знаходзяцца ў стане сярэдняй цяжкасьці, у аднаго дзіцяці — вострая рэакцыя на стрэс.

Таксама, паводле Кліменкі, расейскі дрон атакаваў маршрутны аўтобус у Нікаполі Днепрапятроўскай вобласьці — параненыя 4 чалавекі, у тым ліку дзіця. Яшчэ чацьвёра пацярпелых ад абстрэлу — у Львоўскай вобласьці.

Акрамя таго, экстраныя службы Ўкраіны паведамілі, што ракетны ўдар прыйшоўся і па жылым сэктары Балаклеі Харкаўскай вобласьці. У двух дамах узьнік пажар.

У выніку расейскага начнога нападу пашкоджаныя некалькі абʼектаў энэргетычнай інфраструктуры Украіны, паведаміў украінскі міністар энэргетыкі Герман Галушчанка.

«Атакаваныя энэргаабʼекты ў Запароскай, Днепрапятроўскай, Данецкай, Кіраваградзкай, Івана-Франкоўскай абласьцях. Наступствы ўдакладняюцца», — перадаў Галушчанка. На цяперашні момант усе пажары ліквідаваныя.

Кіраўнік адміністрацыі Віньніцкай вобласьці Сяргей Барзоў напісаў, што ў выніку атакі на адным з абʼектаў крытычнай інфраструктуры ўзьнік пажар. Пацярпелых няма.

У прыватнай энэргетычнай кампаніі ДПЭК паведамілі, што расейскае войска абстраляла дзьве ЦЭС кампаніі — сурʼёзна пашкоджанае абсталяваньне. «Гэта ўжо шостая масіраваная атака на цеплаэлектрастанцыі ДПЭК за два з паловай месяцы», — дадалі ў арганізацыі.

Уначы паветраную трывогу абвяшчалі амаль на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны.

Паводле зьвестак Паветраных сіл украінскага войска, Расея агулам выпусьціла па Ўкраіне 53 ракеты розных тыпаў і 47 ударных бесьпілётнікаў. Зь іх удалося зьбіць 35 ракет і 46 дронаў.

Мінабароны Расеі пра атакі не паведамляла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Урад Нямеччыны дазволіў Украіне выкарыстоўваць нямецкую зброю па расейскіх аб’ектах

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Байдэн часткова адмяніў забарону на выкарыстаньне Ўкраінай зброі ЗША для нанясеньня ўдараў унутры Расеі