У Харкаве ад абстрэлу расейцаў загінулі чатыры асобы, больш за 20 атрымалі раненьні. Украіна нанесла ўдар па Расеі
Расея ў ноч на 31 траўня нанесла ўдары па Харкаве і Кіеве.
Як паведаміў камандуючы Паветраных сіл Украіны Мікола Аляшчук, расейцы атакавалі Харкаў пяцьцю зэнітнымі кіраванымі ракетамі С-300/С-400 зь Белгарадзкай вобласьці, а Кіеў — крылатай ракетай «Іскандэр-К» з Курскай вобласьці. Адначасова з раёну Ейску расейскія войскі запусьцілі на Ўкраіну чатыры баявыя дроны, якія ўкраінцы зьнішчылі ў межах Кіеўскай, Запароскай і Днепрапятроўскай абласьцей.
Аскепкі крылатай ракеты пацэлілі ў Галасееўскі раён Кіева па нежылой тэрыторыі тэрыторыі. У выніку пашкоджана станцыя тэхабслугоўваньня, аўтамабільная мыйка, 6 аўтамабіляў і склад. Цалкам зьнішчаная электрападстанцыя. Ахвяраў няма.
У Харкаве ў выніку абстрэлу 5 чалавек загінулі і 25 атрымалі раненьні. Ракеты пацэлілі ў жылы будынак і зруйнавалі пад’езд з трэцяга па пяты пад’езд. Сярод пацярпелых двое дзяцей.
У часе паўторнага абстрэлу пашкоджаньні атрымаў пажарны аўтамабіль і машына хуткай дапамогі, якія прыбылі на месца абстрэлу для дапамогі.
У Расеі заявілі, што зьбілі 29 украінскіх дронаў
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ў ноч на 31 траўня Ўкраіна атакавала расейскую тэрыторыю супрацькарабельнымі ракетамі «Няптун» і баявымі дронамі.
У ведамстве пераконваюць, што зьбілі пяць супрацькарабельных ракет і 29 дронаў. Паводле расейскага Мінабароны, украінцы атакавалі Варонескую, Белгарадзкую і Тамбоўскую вобласьці.
У той жа час улады Краснадарскага краю паведамілі аб «інтэнсіўнай атацы дронамі».
Паводле губэрнатара краю Веніаміна Кандрацьева, спэцыялісты вывучаюць тэрыторыю ў Новарасійску. Папярэдне, няма ні разбурэньняў, ні ахвяр.
«Больш сур’ёзная сытуацыя ў Тэмруцкім раёне — там ад паветранага ўдару пацярпела інфраструктура нафтабазы. Пашкоджаныя і гараць тры цыстэрны з нафтапрадуктамі», — паведаміў губэрнатар. Паводле яго, сярод пэрсаналу ёсьць пацярпелыя.
Ужо раніцай стала вядома аб паветранай трывозе ў Татарстане — у Казані і Ніжнекамску спынілі дзейнасьць аэрапортаў. Іншых падрабязнасьцяў пакуль няма.
У Генштабе Ўкраіны пацьвердзілі выкарыстаньне ракет «Няптун»
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што некалькімі ракетамі «Няптун» пацэлілі па нафтавым тэрмінале ў раёне порту «Каўказ» у Краснадарскім краі.
Апроч таго, у порце пашкодзілі паромную пераправу.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.