Зь вечара 8 траўня перад мяжой ЭЗ з боку Беларусі пачалі павялічвацца аўтамабільныя чэргі. Падарожнікі паведамляюць, што чаканьне пераходу мяжы можа складаць да двух дзён.
Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, на 08:00 9 траўня ва ўсіх пунктах пропуску (акрамя «Берасьця») пасажырскага транспарту стала больш у параўнаньні зь вечарам учорашняга дня.
У чаце, дзе абмяркоўваюць праходжаньне мяжы праз пункт пропуску «Берасьце» (мяжа з Польшчай), людзі, якія едуць на асабістых аўтамабілях, паведамляе «Люстэрка», што чакаюць у чарзе больш за 24 гадзіны, пры гэтым у зону афармленьня яны яшчэ ня ўехалі. Яны мяркуюць, што ў цэлым чаканьне і праходжаньне кантролю на дзьвюх межах зойме 1,5-2 дні.
Ёсьць водгукі ад падарожнікаў, якія вырашылі схітраваць: учора каля 20:00 яны даехалі да памежнага пераходу, дабраліся да рэйсавага аўтобуса, які стаяў бліжэй да мяжы, і далей рухаліся зь ім. У гэтым выпадку людзі толькі пасьля 07:00 аформіліся на беларускім баку.
У Беняконях (мяжа зь Літвой) абстаноўка была крыху лепшай — чаканьне ў чарзе складала каля 24 гадзін.
Тыя, хто паехаў у Літву на аўтобусе праз Каменны Лог, усю ноч чакалі праходжаньня мяжы, у 8:40 яны яшчэ праходзілі літоўскі бок. Па заявах відавочцаў, усяго афармленьне праходзілі чатыры аўтобусы.
Людзі, якія выяжджаюць праз Грыгараўшчыну (мяжа з Латвіяй), адзначылі, што ў чарзе на аўтамабілі давядзецца чакаць афармленьня ня менш за 18 гадзін.
18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку — Лоша) і Цверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
Пасьля вынясеньня палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў зьняволеньня) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
19 верасьня 2023 года праз узрослую плынь нерэгулярных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).