«Мы супраць таго, каб крызіс выкарыстоўваўся для ўскладаньня адказнасьці на трэцюю краіну, пагаршэньня яе іміджу і правакаваньня новай халоднай вайны», — сказаў Сі. Кітайскі лідэр падкрэсьліў, што Пэкін ня быў крыніцай гэтага канфлікту, не падтрымлівае ў ім нічыёй пазыцыі і не зьяўляецца яго ўдзельнікам.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон сумесна з кіраўніцай Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен, якая прысутнічала на частцы перамоваў зь Сі Цзіньпінам у Парыжы, заклікалі кіраўніка КНР выкарыстаць свой уплыў на Маскву, каб пакласьці канец вайне Расеі супраць Украіны.
Пазьней у траўні Сі будзе прымаць у Пэкіне расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. На перамовах у Парыжы кіраўнік КНР, аднак, ня выказаў ніякіх дакладных намераў наконт ціску Пэкіну на Маскву. Сі Цзіньпін абмежаваўся толькі агульным пажаданьнем міру, адзначае The New York Times.
У ходзе перамоваў Макрон таксама заклікаў Сі Цзіньпіна не дапускаць экспарту якіх-небудзь тэхналёгій, якія могуць быць выкарыстаныя Расеяй у ходзе яе ўварваньня ва Ўкраіну. Заходнія лідэры занепакоеныя тым, што Кітай, нягледзячы на яго афіцыйную пазыцыю нэўтралітэту ў адносінах да падзей ва Ўкраіне, можа істотна падтрымліваць Расею, пастаўляючы ёй абсталяваньне, прыдатнае для вытворчасьці зброі.
Эманюэль Макрон, які ня раз дапускаў магчымасьць адпраўкі заходніх войскаў ва Ўкраіну, запэўніў Сі Цзіньпіна, што Францыя не знаходзіцца ў стане вайны з Расеяй або зь яе народам і не імкнецца зрынуць урад Пуціна. Пры гэтым, як сказаў Макрон, безь бясьпекі Ўкраіны ня можа быць бясьпекі Эўропы. Францускі прэзыдэнт, гаворачы пра вайну ва Ўкраіне, якая працягваецца, падкрэсьліў важнасьць падтрыманьня цеснага дыялёгу паміж Парыжам і Пэкінам.
На прэсавай канфэрэнцыі ў Парыжы Сі Цзіньпін заявіў, што Кітай адыгрывае актыўную ролю ў дасягненьні міру ва Ўкраіне. Ён зазначыў, што Пэкін выступае «за правядзеньне ў належны час міжнароднай мірнай канфэрэнцыі, прызнанай як Расеяй, так і Ўкраінай і якая забясьпечвае роўны ўдзел усіх бакоў і справядлівае абмеркаваньне ўсіх мірных плянаў». «Гісторыя зноў і зноў даказвае, што ў канчатковым выніку канфлікты можна вырашыць толькі мірным шляхам», — дадаў кіраўнік КНР.
Сі таксама сказаў, што яго краіна гатовая працаваць з Францыяй над глябальным спыненьнем войнаў на час маючых адбыцца Алімпійскіх гульняў у Парыжы.
- У красавіку ў інтэрвію францускаму каналу BFM наконт маючай адбыцца Алімпіяды ў Парыжы Макрон сказаў, што спадзяецца на ўсталяваньне так званага алімпійскага перамір’я ў дні правядзеньня гульняў, з 26 ліпеня па 11 жніўня. Па словах Макрона, падчас гульняў павінна быць абвешчана замірэньне ў вайне ва Ўкраіне, а таксама ў іншых буйнамаштабных канфліктах, у прыватнасьці ў сэктары Газа і Судане. Францускі лідэр тады адзначаў, што імкнецца «прыцягнуць многіх партнэраў» для дасягненьня гэтай мэты, сярод іх ён згадаў старшыню КНР Сі Цзіньпіна.
- У рамках цяперашняй паездкі па Эўропе, першай для яго за пяць гадоў, Сі Цзіньпін наведвае таксама Сэрбію і Вугоршчыну, якія лічацца аднымі з краін Эўропы, якія найбольш сымпатызуюць Расеі. У Францыі адной з галоўных тэм абмеркаваньняў было зніжэньне напружанасьці ў гандлёвых адносінах паміж Кітаем і ЭЗ.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.