Абноўлены дакумэнт прадставіў міністар абароны Віктар Хрэнін. Паводле яго, ваенная дактрына «стала насіць адрасны характар» і ў ёй «дакладна названыя крыніцы пагрозаў для Рэспублікі Беларусь».
«Важнай навіной дакумэнта зьяўляецца ўключэньне ў пералік ваенных небясьпек магчымасьці прымяненьня апанэнтамі вайсковай сілы супраць Беларусі ў мірны час», — падкрэсьліў міністар і заявіў, што Беларусь зьвяртае ўвагу міжнароднай супольнасьці «на рэгіянальныя амбіцыі кіраўніцтва Польшчы, якая можа паспрабаваць рэалізаваць іх вайсковай сілай».
У дактрыне, сярод іншага, абазначанае стаўленьне да расейскай тактычнай ядзернай зброі, разьмешчанай на тэрыторыі Беларусі. Ядзерная зброя ў ёй названая «часткай прэвэнтыўнага стрымліваньня патэнцыйнага суперніка», а яе разьмяшчэньне ў Беларусі — «дзейсным адказам на агрэсіўную палітыку недружалюбных дзяржаў».
У ваенную дактрыну ўключылі пытаньні падрыхтоўкі дзяржаўных органаў да абароны, мабілізацыйнай падрыхтоўкі эканомікі і насельніцтва Беларусі, апэратыўнага абсталяваньня яе тэрыторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Імітацыя, даведзеная да лягічнага канца. Яшчэ раз пра сутнасьць Усебеларускага народнага сходуАляксандар Лукашэнка, выступаючы на УНС 25 красавіка, заявіў, што паводле яго прапановы ў Беларусі разьмясьцілі «некалькі дзясяткаў сучасных ядзерных боепрыпасаў».
Рашэньне аб распрацоўцы новай ваеннай дактрыны Беларусі было прынята пасьля ўхваленьня новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі ў лютым 2023 году. Заяўлялася, што ў дакумэнце раскрыты зьмест ваеннай палітыкі краіны, у прыватнасьці, што «Беларусь — міралюбівая краіна, нікому не пагражае, але спробы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы, а тым больш пагроза прымяненьня ваеннай сілы або агрэсія будуць спыняцца з выкарыстаньнем усяго патэнцыялу дзяржавы».
24 лютага 2022 года Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Крэмль у вайне. Зь беларускай тэрыторыі праводзіліся ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, таксама расейскія вайскоўцы карысталіся беларускай вайсковай інфраструктурай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністар абароны Беларусі заявіў, што новая ваенная дактрына дэманструе зацікаўленасьць у аднаўленьні дыялёгу з NATOВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.