Улады Ўкраіны абмежавалі доступ да консульскіх паслуг для мужчын прызыўнога ўзросту за мяжой

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба. Архіўнае фота

Сёлета ў красавіку ва Ўкраіне ўхвалілі закон аб мабілізацыі, які набудзе юрыдычную моц з 16 траўня 2024 году.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што за мяжой для мужчын прызыўнога ўзросту абмяжуюць доступ да консульскіх паслуг.

«Абарона правоў і інтарэсаў грамадзян Украіны за мяжой заўсёды быў і застаецца прыярытэтам МЗС. У той жа час ва ўмовах поўнамаштабнай расейскай агрэсіі галоўным прыярытэтам зьяўляецца абарона Бацькаўшчыны ад зьнішчэньня», — заявіў Дзьмітро Кулеба.

Міністар дадаў, што цяпер не працуе такі мэханізм атрыманьня дзяржаўных паслуг.

«У нас у краіне вайна. Апроч таго, абавязак абнаўляць свае дакумэнты ў тэрытарыяльных цэнтрах камплектаваньня (аналяг вайсковых прызыўных камісій. — РС.) існаваў і да ўхваленьня новага закону пра мабілізацыю. Калі гэтыя людзі думаюць, што нехта там, далёка на фронце, ваюе і аддае сваё жыцьцё за гэтую дзяржаву, а нехта сядзіць за мяжой, але пры гэтым будзе атрымліваць паслугі ад гэтай дзяржавы, то так не працуе», — сказаў ён.

Дзьмітро Кулеба падкрэсьліў, што знаходжаньне грамадзяніна Ўкраіны за межамі не вызваляе яго ад абавязаньняў перад Бацькаўшчынай.

«Менавіта таму я даручыў аднавіць справядлівае стаўленьне да мужчын мабілізацыйнага ўзросту ва Ўкраіне і за мяжой. Гэта будзе сумленна», — заявіў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт Украіны падпісаў закон аб мабілізацыі, які ўводзіць замест тэрміновай службы базавую вайсковую службу

Сёлета ў красавіку ва Ўкраіне ўхвалілі закон аб мабілізацыі, які набудзе юрыдычную моц з 16 траўня 2024 году.

Закон уводзіць замест тэрміновай службы базавую вайсковую службу тэрмінам на пяць месяцаў у мірны час і на тры месяцы ў ваенны час. Таксама дакумэнт прадугледжвае ўвядзеньне базавай агульнавайсковай падрыхтоўкі — з 2025 году яна будзе часткай навучаньня ў ВНУ.

Грамадзяне будуць абавязаныя стварыць электронныя кабінэты прызыўніка, камісарыяты змогуць слаць празь іх электронныя позвы. Украінцы, якія пастаянна жывуць за мяжой, павінны стаць на вайсковы ўлік ва Ўкраіне на працягу 60 дзён.

На вайсковую службу могуць прызываць асуджаных на ўмоўны тэрмін, акрамя тых, хто ўчыніў злачынствы супраць нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны.

Правы тых, хто ўхіляецца ад мабілізацыі, могуць быць абмежаваныя. У прыватнасьці, іх змогуць пазбаўляць правоў кіроўцы. Павялічацца штрафы за ўхіленьне ад войска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея дронамі атакавала цэнтар і поўдзень Украіны. У Адэсе 9 параненых, чацьвёра зь іх — дзеці

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.