Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дронамі атакавала цэнтар і поўдзень Украіны. У Адэсе 9 параненых, чацьвёра зь іх — дзеці


Наступствы расейскага ўдару па Адэсе ў ноч на 23 красавіка 2024
Наступствы расейскага ўдару па Адэсе ў ноч на 23 красавіка 2024

У Міністэрстве абароны Расеі абвінавацілі Ўкраіну ў артылерыйскай атацы на расейскую тэрыторыю.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 23 красавіка расейскія войскі атакавалі Ўкраіну з Курскай вобласьці і з тэрыторыі анэксаванага Крыму.

Расейцы выпусьцілі па мірных украінскіх гарадах дзьве балістычныя ракеты і 16 бесьпілётнікаў. Украінскія супрацьпаветраныя сілы змаглі зьбіць 15 дронаў над тэрыторыяй Мікалаеўскай, Адэскай, Кіеўскай і Чаркаскай абласьцей.

У Адэсе пацярпелі цывільныя ў выніку атакі на жылы сэктар

Як паведаміў кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер, у выніку атакі дронамі ў Адэсе пацярпелі 9 чалавек, чацьвёра зь іх — дзеці, дваім яшчэ не было і аднаго году. Траіх дарослых і чацьвярых дзяцей шпіталізавалі з раненьнямі сярэдняй цяжкасьці.

У пракуратуры завялі крымінальную справу па фактце парушэньня законаў і звычаяў вайны.

Дроны на Кіеў ляцелі праз Сумскую і Чаркаскую вобласьці

Дзьве гадзіны працягвалася паветраная трывога ў Кіеве праз начную расейскую атаку. Як паведамілі ў Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі, усе дроны зьбілі пры дапамозе сродкаў супрацьпаветранай абароны. Бесьпілётнікі «заходзілі» на Кіеў з паўднёва-заходняга кірунку — праз Сумскую і Чаркаскую вобласьці.

У сталіцы Ўкраіны абышлося без разбурэньняў і пацярпелых.

Яшчэ два дроны зьбілі над Чаркаскай вобласьцю. Там таксама без ахвяр і трапляньняў.

Пад сталым расейскім агнём застаюцца памежныя з Расеяй і прыфрантавыя раёны Ўкраіны. У сытуацыйным цэнтры Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі, што расейскія войскі абстралялі тэрыторыю 11 абласьцей Украіны.

З розных відаў узбраеньня расейцы атакавалі 85 населеных пунктаў і 118 аб’ектаў інфраструктуры. Улады ўдакладняюць колькасьць загінулых і параненых.

У Расеі заявілі аб атаках з боку Ўкраіны

У Міністэрстве абароны Расеі абвінавацілі Ўкраіну ў абстрэлах аб’ектаў на расейскай тэрыторыі з рэактыўных сыстэм «Ольха».

«Дзяжурныя сродкі СПА зьнішчылі чатыры рэактыўныя снарады на тэрыторыяй Белгарадзкай вобласьці», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

У той жа час губэрнатар вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што ў паселішчы Разумнае «у выніку прылёту ў двор прыватнага жылога дома выбіла шыбы і пасекла фасад». Паводле яго, ахвяр няма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG