Польскія спэцслужбы арыштавалі мужчыну, які нібыта хацеў дапамагчы расейцам арганізаваць замах на Зяленскага

Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы

Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што затрыманы па ўласнай ініцыятыве ўступіў у кантакт з прадстаўнікамі камандаваньня Ўзброеных сіл Расеі, каб працаваць на карысьць расейскай вайсковай выведкі.

Акруговы суд Варшавы арыштаваў грамадзяніна Польшчы праз падазрэньне ў сувязях са спэцслужбамі Расеі (ч. 2 арт. 130 КК РП), паведамляе прэс-служба Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.

У Службе бясьпекі Ўкраіны сьцьвярджаюць, што арыштаваны хацеў дапамагчы ГРУ арганізаваць замах на Ўладзіміра Зяленскага.

Па вэрсіі офіса генпракурора Ўкраіны, падазраваны па ўласнай ініцыятыве ўступіў у кантакт з прадстаўнікамі камандаваньня Ўзброеных сіл Расеі і паведаміў ім аб гатоўнасьці працаваць на карысьць расейскай ваеннай выведкі.

Мяркуецца, што ў яго абавязкі ўваходзілі ў збор і перадача інфармацыі аб бясьпецы польскага аэрапорта Жэшув-Ясенка. Гэта, як сьцьвярджаюць сьледчыя, павінна было, між іншым, дапамагчы расейскім спэцслужбам сплянаваць магчымы замах на Ўладзіміра Зяленскага падчас яго знаходжаньня ў Польшчы.

СБУ ўдакладняе, што дзякуючы апэратыўнаму абмену інфармацыяй паміж Украінай і Польшчай у рамках міжнародна-прававой дапамогі падазраванага ўдалося ідэнтыфікаваць і затрымаць на тэрыторыі Польшчы.

У Нацыянальнай пракуратуры Польшчы адзначылі, што арыштаванаму мужчыну, калі ягоная віна будзе даказаная, пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Сьледзтва ў гэтай справе вядзе Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы на чатыры гады зьняволеньня за шпіянаж на карысьць Расеі асудзілі беларуса
  • У сьнежні 2023 года суд у Польшчы прыгаварыў 14 грамадзян Украіны, Беларусі і Расеі да пазбаўленьня волі тэрмінам да 6 гадоў у справе аб шпіянажы на карысьць Расеі. Мінімальны тэрмін, год пазбаўленьня волі, атрымала фігурантка справы, грамадзянка Беларусі Марыя М., а максымальны, шэсьць гадоў турмы, — украінец Арцём А. Акрамя пазбаўленьня волі, усім асуджаным прызначылі штрафы да $2,5 тысячы.
  • Па дадзеных сьледзтва, асуджаныя ўваходзілі ў шпіёнскую сетку, якой кіравалі прадстаўнікі ФСБ і іншых расейскіх спэцслужбаў. Вэрбаваньне ў гэтую сетку, як сьцьвярджае сьледзтва, ажыцьцяўлялася на акупаванай расійскімі войскамі тэрыторыі Ўкраіны або ў фільтрацыйных пунктах на межах Расеі з краінамі Эўразьвязу. Удзельнікам сеткі за выкананьне даручэньняў плацілі ад $300 да некалькіх тысяч даляраў.
  • У сакавіку 2023 году польскія спэцслужбы заявілі, што зьліквідавалі расейскую шпіёнскую сетку, але затрыманьне яе ўдзельнікаў працягвалася да жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска, якую затрымалі ў Польшчы за працу на КДБ — актывістка з Баранавічаў, — «Люстэрка»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы за 14 месяцаў затрымалі 22 шпіёны зь Беларусі і Расеі