Прэм’ер-міністар Бэльгіі анансаваў расьсьледаваньне спробаў Расеі ўмяшацца ў выбары ў Эўразьвязе

Прэм'ер-міністар Бэльгіі Александэр Дэ Кро

Урад Бэльгіі распачне расьсьледаваньне магчымых спробаў Расеі ўмяшацца ў маючыя адбыцца выбары ў Эўрапарлямэнт, заявіў прэм’ер-міністар Александэр Дэ Кро на прэс-канфэрэнцыі 12 красавіка.

Александэр Дэ Кро спаслаўся на расьсьледаваньне ў Чэхіі, якое выкрыла прарасейскую апэрацыю ўплыву ў Эўропе. Яна ўключае некалькі тыпаў шпіёнскіх сетак. Па яго выніках высьветлілася, што Масква заплаціла дэпутатам Эўрапарлямэнту за прасоўваньне расейскага парадку дня.

Дэ Кро сказаў, што падобную дзейнасьць пацьвердзілі праваахоўныя органы Бэльгіі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе:

«Бэльгійскія спэцслужбы пацьвердзілі існаваньне прарасейскіх сетак умяшаньня, якія дзейнічаюць у некалькіх эўрапейскіх краінах, а таксама тут, у Бэльгіі».

Спасылаючыся на зьвесткі выведкі, кіраўнік ураду назваў «вельмі зразумелымі» мэты Масквы: садзейнічаць павелічэньню долі прарасейскіх дэпутатаў у Эўрапарлямэнце і «ўмацаваньню пэўнага прарасейскага наратыву» ў гэтай установе. Гэта, у сваю чаргу, мае іншую мэту — аслабленьне эўрапейскай падтрымкі Ўкраіны, «што служыць Расеі на полі бою».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэты Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны і Беларусі аднолькавыя — розныя толькі інструмэнты», — Котаў

Дэ Кро дадаў, што пасьля гэтага выкрыцьця ён зьвязаўся з прэзыдэнтам Чэхіі, кіраўнікамі Эўракамісіі і Эўрапарлямэнту. Ён заклікаў да контразахадаў як на нацыянальным, так і на эўрапейскім узроўнях. Прэм’ер-міністар Бэльгіі заявіў, што на мінулым тыдні ў ягонай краіне набыў моц закон, накіраваны непасрэдна на супрацьдзеяньне ўмяшаньню ў выбары. Пры гэтым ён выказаў думку, што новыя інструмэнты барацьбы з расейскай прапагандай і дэзынфармацыяй патрэбныя і на ўзроўні ЭЗ.

У сакавіку прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спэцслужбаў Яцэк Дабжыньскі паведаміў Радыё Свабода, што спэцслужбы шэрагу краінаў Эўразьвязу, у прыватнасьці Польшчы і Чэхіі, выкрылі шпіёнскую сетку, якую фінансаваў Крэмль. Паводле яго слоў, задачай расейскага ведамства была папулярызацыя палітыкі Расеі ў Эўропе, а таксама распаўсюд дэзынфармацыі.

Выбары ў Эўрапарлямэнт павінны прайсьці з 6 па 9 чэрвеня 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі інстытут Лансінга: Крэмль рыхтуе тэракты ў Беларусі, у якіх абвінавацяць полк Каліноўскага