Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі інстытут Лансінга: Крэмль рыхтуе тэракты ў Беларусі, у якіх абвінавацяць полк Каліноўскага


Аляксандар Лукашэнка з сабакам Умкам
Аляксандар Лукашэнка з сабакам Умкам

Крэмль «працуе над арганізацыяй тэрактаў на тэрыторыі Беларусі, каб ускласьці віну на полк Каліноўскага», — з такім сьцьвярджэньнем выступіў амэрыканскі Інстытут Робэрта Лансінга са спасылкай на неназванага «прадстаўніка эўрапейскай выведкі».

У публікацыі сьцьвярджаецца, што «Масква даўно імкнецца ўцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны».

Заяву Аляксандра Лукашэнкі 2 красавіка ў Горадні пра падрыхтоўку Беларусі да вайны аўтары матэрыялу расцэньваюць як пацьверджаньне таго, што беларускія ўлады «рыхтуюць насельніцтва да рэальнай вайны».

«Уцягваньне Беларусі ў вайну створыць лякальныя ачагі баявых дзеяньняў уздоўж украінска-беларускай мяжы, што вымусіць Кіеў вывесьці частку сваіх рэзэрвовых сілаў з зоны баявых дзеяньняў да мяжы зь Беларусьсю», — адзначаецца ў публікацыі.

У інстытуце мяркуюць, што ўцягваньне Беларусі ў вайну «не скіраванае на рэальнае задзейнічаньне баявога патэнцыялу» краіны, які ацэньваецца аўтарамі матэрыялу як даволі нізкі.

Мэта Крамля, на думку амэрыканскіх аналітыкаў, палягае ў тым, каб прымусіць Лукашэнку фармальна ці нефармальна выступіць супраць Украіны, тым самым зламаўшы яго супраціў адмове ад беларускага сувэрэнітэту на карысьць Расеі. Масква, як сьцьвярджаецца, хоча стварыць умовы для «дэстабілізацыі Беларусі» і ўсталяваць над ёй поўны кантроль.

Адзначаецца, што «сцэнар зрынаньня Лукашэнкі робіцца ўсё больш імаверным на фоне адсутнасьці бачных пэрспэктываў далейшага прасоўваньня Расеі на полі бою ва Ўкраіне і пераходу да акопнай вайны, якая працягваецца з траўня 2023 году».

Аналітыкі інстытуту, гаворыцца ў матэрыяле, «цягам апошніх двух гадоў адзначалі прыкметы таго, што Расея рыхтуецца паглынуць Беларусь і прывесьці да ўлады марыянэткавы рэжым». Гэта, на думку дасьледчыкаў, дасьць Уладзіміру Пуціну «цэлы шэраг новых магчымасьцяў, уключаючы татальны прызыў у войска беларускіх мужчын».

«Падзеньне рэжыму Лукашэнкі робіцца ўсё больш імаверным на фоне таго, што афіцыйная рыторыка беларускага прэзыдэнта (так у матэрыяле. — РС) усё часьцей ідзе насуперак крамлёўскім наратывам, — гаворыцца ў публікацыі. — Так, Лукашэнка адкрыта абверг заяву Ўладзіміра Пуціна пра тое, што тэрарысты, адказныя за напад на „Крокус Сіці Хол“, пасьля масавага расстрэлу ўцякалі ў бок украінскай мяжы».

Аўтары артыкула не выключаюць, што «сплянаваныя Расеяй атакі будуць скіраваныя супраць беларускага палітычнага кіраўніцтва, што дазволіць лягчэй прымусіць Менск далучыцца да ваеннай кампаніі супраць Украіны».

«Удзел Беларусі аўтаматычна падвысіць градус напружанасьці на ўсходнім флянгу ЭЗ/NATO, — гаворыцца ў матэрыяле. — Эўропа патэнцыйна пабачыць ваенныя дзеяньні проста ля сваіх межаў. Такі сцэнар дае Пуціну вельмі магутны інструмэнт ціску на Захад, каб прымусіць яго абмежаваць падтрымку Ўкраіны ці прымусіць Кіеў да перамоваў з Масквой. Уцягваньне Беларусі ў вайну таксама дазволіць Пуціну заявіць, што так званая спэцыяльная ваенная апэрацыя — гэта вайна за „сэрца Расеі“ — тэрыторыю, якая жыцьцёва важная для бясьпекі краіны і самога яе існаваньня».

У лістападзе 2022 году інстытут Лансінга апублікаваў артыкул пад назвай «Крэмль рыхтуе ліквідацыю Лукашэнкі і захоп кантролю над беларускім войскам». Тады інстытут паведамляў, што расейскія спэцслужбы рыхтуюць забойства Лукашэнкі, адказнасьць за якое ўскладуць на Ўкраіну і Польшчу. Выкладзены ў артыкуле плян прадугледжваў, што Беларусь узначаліць цяперашні генэральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась, ён прыме рашэньне аб далучэньні Беларусі да Расеі і аб уступленьні беларускага войска ў вайну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG