Зяленскі заклікаў Трампа наведаць Украіну

Уладзімір Зяленскі

Ён назваў «прымітыўнай» ідэю спыненьня канфлікту празь перадачу ўкраінскіх тэрыторый Расеі.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ён заклікаў Дональда Трампа, імавернага кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі, наведаць Украіну.

Пра гэта піша «Голас Амэрыкі».

У інтэрвію мэдыяхолдынгу Axel Springer Зяленскі заявіў, што ён хоча пачуць прапановы Трампа аб спыненьні вайны паміж Украінай і Расеяй.

Пры гэтым ён адзначыў, што яму не цікавая ідэя Трампа спыніць вайну, якая прадугледжвае перадачу Расеі вялікіх украінскіх тэрыторый.

«Калі прапанова палягае ў тым, што мы адмаўляемся ад сваіх тэрыторый, то гэта вельмі прымітыўная ідэя, — сказаў Зяленскі. — Мне патрэбна рэальная ідэя, таму што на карту пастаўлены жыцьці людзей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У штабе Трампа адмаўляюць яго пляны націснуць на Кіеў

Днямі ў перадвыбарным штабе Трампа зьняпраўдзілі інфармацыю The Washington Post аб намеры экс-прэзыдэнта ЗША прымусіць Украіну аддаць Расеі Крым і Данбас у выпадку перавыбраньня прэзыдэнтам.

Дарадца ў перадвыбарным штабе Трамп Джэйсан Мілер назваў гэтую інфармацыю «фэйкавымі навінамі ад The Washington Post». «Яны проста выдумалі гэта», — заявіў ён у інтэрвію газэце New York Post.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра спыненьне вайны ва Ўкраіне: «Я заключу пагадненьне за 24 гадзіны»

Летась у лістападзе Зяленскі ўжо запрашаў Трампа наведаць Украіну. Але тады экс-прэзыдэнт ЗША адхіліў запрашэньне.

У заяве для тэлеканала Newsmax TV Трамп напісаў: «Я глыбока паважаю прэзыдэнта Зяленскага, але думаю, што зараз было б недарэчна адпраўляцца ва Ўкраіну».

«Цяпер зь ім працуе адміністрацыя Байдэна, і я не хачу ствараць канфлікт інтарэсаў», — дадаў Трамп.

Леташняе запрашэньне Зяленскага было рэакцыяй на заявы Трампа, што ён зможа спыніць расейскую вайну ва Ўкраіне «за 24 гадзіны».

Зяленскі ў лістападзе летась сказаў, што яму спатрэбіцца толькі «24 хвіліны», каб даказаць Трампу, што гэта немагчыма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.