Расея працягвае зьнішчаць ва Ўкраіне аб’екты энэргетыкі, на поўдні — аварыйныя адключэньні

У ноч на 10 красавіка на Мікалаеўшчыне зьнішчылі 12 ударных дронаў. Ілюстрацыйнае фота

Вакол Запароскай атамнай электрастанцыі, якую дагэтуль кантралюе Расея, застаецца напружаная сытуацыя.

У нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго» паведамілі, што ад расейскай атакі ў ноч на 10 красавіка пашкоджаньні атрымаў яшчэ адзін энэргетычны аб’ект, у выніку чаго давялося ўводзіць аварыйныя адключэньні ў Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцях.

«Пашкоджана абсталяваньне на адной з падстанцый „Укренерго“», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны ўдакладнілі, што расейскія войскі атакавалі 17 бесьпілётнікамі і трыма ракетамі, у тым ліку — адной балістычнай, запушчанай з акупаванага Крыму.

«Зьбілі 14 „шагедаў“ на Мікалаеўшчыне і Адэшчыне. Апроч таго, каля 20:00 9 красавіка зьнішчылі дзьве кіраваныя ракеты Х-59, якімі вораг атакаваў Адэсу», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Улады Мікалаеўскай і Адэскай вобласьці паведамілі, што ў выніку абстрэлу цывільныя і супрацоўнікі атакаваных аб’ектаў не пацярпелі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На поўдні Ўкраіны пасьля пашкоджаньня ГЭС Расеяй уводзяць абмежаваньні. Харкаў застаецца пад абстрэламі

Запароская АЭС застаецца ў небясьпецы

Напружаная сытуацыя застаецца вакол Запароскай атамнай электрастанцыі, якую дагэтуль кантралюе Расея. Там пэрыядычна са строю выходзіць энэргалінія, якая забясьпечвае тэхналягічную дзейнасьць станцыі ва ўмовах адключаных рэактараў.

Расея абвінаваціла Ўкраіну ў атацы АЭС пры дапамозе дронаў. Ва Ўкраіне заявілі, што такім чынам Расея сама стварае дадатковую небясьпеку станцыі. Пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць, хто нясе адказнасьць за пашкоджаньні двух аб’ектаў станцыі — грузавога порту і сталовай — немагчыма.

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) 11 красавіка разгледзіць пытаньне бясьпекі на станцыі. Перад гэтым кіраўнік арганізацыі Рафаэль Гросі пацьвердзіў выбух дрона на тэрыторыі Запароскай атамнай электрастанцыі і заклікаў бакі «устрымлівацца ад дзеяньняў, якія супярэчаць пяці прынцыпам МАГАТЭ і парушаюць ядзерную бясьпеку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік МАГАТЭ пацьвердзіў выбух дрона на Запароскай АЭС