Гэта адна з галоўных высноваў апытаньня, праведзенага на замову Euronews дасьледчым цэнтрам Ipsos. Апытаньне праводзілася праз тэлефон сярод амаль 26 000 рэспандэнтаў у 18 краінах-чальцах ЭЗ, якія складаюць 96% насельніцтва Зьвязу, у пэрыяд з 23 лютага па 5 сакавіка.
Апытаньне паказала, што 47% эўрапейцаў ацэньваюць Зяленскага станоўча, а 32% — адмоўна. Між тым 21% кажуць, што яны «недастаткова ведаюць» пра ўкраінскага прэзыдэнта, які займаў першыя месцы ў загалоўках газэтаў на працягу апошніх двух гадоў і шмат падарожнічаў па кантынэнце, выступаючы ад імя сваёй разбуранай вайной краіны.
Гэта робіць Зяленскага самым улюбёным лідэрам сярод васьмі эўрапейскіх дзеячоў, пра стаўленьне да якіх пытаўся Ipsos, але таксама выклікае найбольшыя рознагалосьсі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва ўмовах вайны істотна вырас рэйтынг Зяленскага, але найбольш украінцы давяраюць сваім Узброеным сіламУ Паўночным рэгіёне і на Пірэнэйскім паўвостраве Зяленскі атрымлівае самыя высокія пазытыўныя ацэнкі: 81% у Фінляндыі, 74% у Швэцыі, 72% у Даніі і Партугаліі і 64% у Гішпаніі.
Наадварот, больш за палову рэспандэнтаў у Вугоршчыне (60%), Грэцыі (57%) і Баўгарыі (56%) ставяцца да прэзыдэнта Ўкраіны адмоўна.
Іншыя краіны, дзе нэгатыўныя ацэнкі пераважаюць над пазытыўнымі, — гэта Славаччына (50% супраць 26%), Аўстрыя (47% супраць 33%), Італія (41% супраць 32%) і Чэхія (37% супраць 36%).
Карціна кантрастуе з афіцыйнай пазыцыяй нацыянальных урадаў: прэм’еры Італіі Джорджа Мэлёні і Чэхіі Пэтар Фіяла актыўна падтрымліваюць Украіну і абараняюць рэжым санкцый супраць Расеі.
Іншы характэрны выпадак — Нямеччына, вядучы донар вайсковай дапамогі ЭЗ Украіне. Паводле апытаньня, немцы далёкія ад кансэнсусу ў сваіх ацэнках: 41% ставяцца да Зяленскага станоўча, 36% — адмоўна.
У Румыніі, дзе фэрмэры скардзіліся на таннае бязмытнае збожжа, якое паступае з Украіны, разрыў таксама кідаецца ў вочы: 49% ставяцца да ўкраінскага лідэра станоўча, а 40% — адмоўна. Польшча, краіна, якая стала сьведкай жорсткіх пратэстаў з гэтай нагоды, тым ня менш знаходзіцца ў «станоўчым» лягеры (57%), а не ў «адмоўным» (24%).
Ад Макрона да Пуціна
Апытаньне Euronews/Ipsos таксама дазваляе зразумець, як эўрапейцы ставяцца да іншых вядомых лідэраў кантынэнту.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон займае другое месца ў рэйтынгу самых папулярных: 41% рэспандэнтаў сказалі, што ставяцца да яго станоўча, 34% — адмоўна. Але ў Францыі да свайго прэзыдэнта адмоўна ставяцца 62%, і толькі 28% — станоўча.
Папулярнасьць Макрона — гэта большасьць настрояў у Румыніі (57%), Грэцыі (55%), Нямеччыне (53%), Даніі (52%) і Нідэрляндах (50%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Куды коціцца сьвет». Ці здольная Францыя ўзначаліць ЗахадБольшую абыякавасьць выклікае канцлер Нямеччыны Оляф Шольц: 38% апытаных кажуць, што яны «недастаткова ведаюць» чалавека, які кіруе найбуйнейшай эканомікай Зьвязу, у той час як 29% выказваюць станоўчае стаўленьне і 33% — адмоўнае.
Чатыры краіны вылучаюцца сваёй непрыязнасьцю да Шольца: Нямеччына (61% выказаліся пра яго адмоўна), Аўстрыя (47%), Грэцыя (45%) і Польшча (39%).
Джорджа Мэлёні з Італіі, Пэдра Санчэс з Гішпаніі і Дональд Туск з Польшчы часьцей атрымлівалі адказы «ведаю недастаткова» (43%, 58% і 50% адпаведна). У выніку пра ніводнага з траіх нельга сказаць, што ён асабліва падабаецца ці не падабаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэм'ер Вугоршчыны Орбан заявіў, што плян Трампа па спыненьні вайны палягае ў скарачэньні дапамогі ЎкраінеІншая гісторыя зь Віктарам Орбанам з Вугоршчыны: 48% рэспандэнтаў маюць нэгатыўнае стаўленьне да палітыка, які прапагандаваў «нелібэральную дэмакратыю» і вёў спрыяльную да Расеі палітыку. Толькі 15% ацэньваюць яго станоўча.
У Вугоршчыне да свайго прэмʼера 54% рэспандэнтаў маюць адмоўнае стаўленьне і 32% — станоўчае.
Апытанне Euronews/Ipsos завяршаецца вывучэньнем стаўленьня да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Да яго адмоўна ставяцца 79% рэспандэнтаў, 10% — станоўча, і 11% заявілі, што «недастаткова яго ведаюць».
Пры гэтым шмат у якіх краінах асуджэньне Пуціна пераважнае: Фінляндыя (94% ацэньваюць яго адмоўна), Швэцыя (91%), Данія (91%), Польшча (91%), Гішпанія (90%), Партугалія (89%), Нідэрлянды (88%), Францыя (80%) лідзіруюць у асуджэньні гаспадара Крамля.
Адмоўны паказчык апускаецца да 60-адсоткавага барʼера толькі ў чатырох краінах: Грэцыі (59%), Вугоршчыне (57%), Славаччыне (56%) і Баўгарыі (48%).
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.