Кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце заявіла аб аб павелічэньні колькасьці грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на пражываньне ў Літве.
«Іх колькасьць усё яшчэ павялічваецца, але ў апошнія месяцы рост запаволіўся. Гэта зьвязана з больш строгімі праверкамі, якія мы праводзім, а таксама з тым, што працадаўцы пераарыентоўваюцца на іншыя краіны», — сказала Эвеліна Гудзінскайце ў інтэрвію літоўскаму выданьню BNS.
У канцы сакавіка ў Літве зарэгістравана амаль 63 тысячы беларусаў, якія маюць дазвол на пражываньне ў краіне. У параўнаньні з 1 студзеня 2023 году, колькасьць грамадзян Беларусі павялічылася амаль на 29%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МУС Літвы на мяжы зь Беларусьсю заявіла, што калі будуць новыя пагрозы, будуць новыя абмежаваньніПаводле кіраўніцы Дэпартамэнту міграцыі Літвы, грамадзяне Беларусі займаюць другое месца пасьля ўкраінцаў сярод іншаземцаў. На трэцім месцы — грамадзяне Расеі.
У той жа час працадаўцы Літвы цяпер пераарыентаваліся на набор супрацоўнікаў, якія паходзяць з Сярэдняй Азіі і Індыі.
«Узбэкістан, Кіргістан, Таджыкістан, Азэрбайджан і Казахстан — новыя краіны, зь якіх працадаўцы вязуць працоўную сілу. [...] Большасьць з Узбэкістану», — сказала Эвеліна Гудзінскайце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейм Літвы перанёс разгляд законапраекту аб падаўжэньні абмежаваньняў у дачыненьні да грамадзян БеларусіПаводле яе зьвестак, на канец сакавіка ў Літве знаходзіцца 9,7 тысячы узбэкаў, у студзені 2023 году іх колькасьць складала 1,8 тысячы.
«Колькасьць узбэкаў у нас павялічылася больш, чым у чатыры разы», — удакладніла кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Літвы.
Колькасьць грамадзян Кіргістану павялічылася з 2 тысяч у студзені 2023-га да 6,6 тысяч у канцы сакавіку 2024-га, грамадзян Таджыкістану — адпаведна з 1,4 тысячы да 6,3 тысяч, Індыі — 1,2 тысячы да 5,2 тысячы.
Эвеліна Гудзінскайце дадала, што большасьць грамадзян з Цэнтральнай Азіі — нізкакваліфікаваныя рабочыя, якія прыяжджаюць працаваць кіроўцамі і будаўнікамі.
У Літве знаходзяцца больш за 6 тысяч высокакваліфікаваных іншаземцаў, у асноўным — грамадзяне Беларусі і Расеі, якія працуюць інжынэрамі ў кампаніях інфармацыйных тэхналёгій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праверкі ў банках, забарона на зямлю і субсыдыя ад дзяржавы. Беларускія эмігранты расказалі, як купляюць кватэры ў Літве