Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сейм Літвы перанёс разгляд законапраекту аб падаўжэньні абмежаваньняў у дачыненьні да грамадзян Беларусі


Мяжа Літвы зь Беларусьсю
Мяжа Літвы зь Беларусьсю

Сейм Літвы 12 лютага перанёс на веснавую сэсію разгляд законапраекту аб працягу абмежаваньняў у дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на сайт літоўскага парлямэнту.

Праект закону прадугледжвае дадатковыя праверкі грамадзян Беларусі на мяжы зь Літвой.

У прыватнасьці, беларусаў, якія прыбываюць па шэнгенскай візе, будуць правяраць на прадмет пагрозы грамадзкаму парадку, унутранай бясьпецы, здароўю насельніцтва і міжнародным адносінам.

Памежнікі будуць прымаць рашэньне «аб дадатковым надглядзе грамадзяніна Беларусі на другой лініі кантролю ў пунктах пропуску». Як сьцьвярджаецца, гэта зьвязана з ростам актыўнасьці «беларускіх спэцслужбаў, якія выкарыстоўваюць сваіх грамадзян у Літве».

31 студзеня ўрад Літвы ўхваліў прапанову падоўжыць абмежаваньні, якія дзейнічаюць у дачыненьні да грамадзян Расеі, яшчэ на адзін год і пастрожыць праверку беларускіх грамадзян, якія прыбываюць у краіну.

11 студзеня міністар замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што перад Дэпартамэнтам дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ) Літвы пастаўленая «нерэальная задача» правяраць кожнага грамадзяніна Беларусі, які ўяжджае ў краіну з мэтай застацца там на сталае месца жыхарства.

4 сьнежня 2023 году старшыня парлямэнцкага Камітэту з нацыянальнай бясьпекі і абароны (КНБА) Лаўрынас Кашчунас зарэгістраваў у Сейме праект паправак да дзейнага заканадаўства, якія прадугледжваюць абмежаваньне выдачы права на жыхарства беларусам (за выключэньнем высокакваліфікаваных работнікаў), але адначасова палягчаюць умовы для атрыманьня нацыянальнай візы з гуманітарных меркаваньняў. 8 студзеня 2024 году Кашчунас заявіў, што ў парлямэнце Літвы не хапае галасоў, каб уніфікаваць нацыянальныя санкцыі для грамадзян Беларусі з тымі абмежаваньнямі, якія дзейнічаюць у дачыненьні да расейцаў.

У канцы 2023 году Сейм ухваліў, а прэзыдэнт Гітанас Наўседа падпісаў папраўкі да закону аб прававым статусе замежнікаў, якія, сярод іншага, дазваляюць выдаваць беларусам, што прыбылі ў краіну пры пасярэдніцтве МЗС, пасьведчаньне на жыхарства на падставе гуманітарных прычын не на адзін, а на тры гады. КНБА выступаў супраць гэтай прапановы.

Закон аб абмежавальных мерах, зьвязаны з парадкам уезду і легалізацыі ў Літве, набыцьця нерухомасьці і іншымі пытаньнямі, быў прыняты летась у красавіку. На этапе разгляду дакумэнт быў значна зьмякчаны ў дачыненьні да беларусаў, большасьць санкцыяў закранула расейцаў.

Наўседа наклаў на закон вэта і прапанаваў парлямэнту ўніфікаваць санкцыі для беларусаў і расейцаў. Сейм адхіліў вэта і зацьвердзіў дакумэнт без прапановаў кіраўніка дзяржавы. Наўседа сваёй пазыцыі не зьмяніў, але на восеньскую сэсію парлямэнту пытаньне пра ўніфікацыю абмежавальных мер ня вынес.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG