У АДКБ разьлічваюць на «палітычную цьвярозасьць» Армэніі ў пытаньні яе ўдзелу ў арганізацыі

Апошні раз Армэнія ўдзельнічала ў саміце АДКБ у лістападзе 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Армэнія не зьвярталася з афіцыйнымі заявамі аб прыпыненьні сяброўства ў АДКБ.

Генэральны сакратар Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) Імангалі Тасмагамбетаў пацьвердзіў, што Армэнія сапраўды ня ўдзельнічае ў працы сакратарыяту арганізацыі, але ўсе яе абавязаньні застаюцца ў сіле.

«Мы, вядома, сіламі нашых аналітыкаў і даступнага нам інструмэнтарыю аналізуем сытуацыю вакол Армэніі і ў дачыненьнях Армэніі з АДКБ. Ня буду ўтойваць, пэўныя падзеі і настроі ў частцы элітаў Армэніі выклікаюць заклапочанасьць. Але мы спадзяёмся на палітычную цьвярозасьць кіраўніцтва Армэніі і ўзважаную ацэнку пэрспэктыў рэалізацыі розных сцэнароў у дачыненьні да арганізацыі. Падкрэсьлю, Армэнія застаецца нашым саюзьнікам, усе наяўныя абавязаньні застаюцца ў сіле», — паведаміў Імангалі Тасмагамбетаў у інтэрвію расейскаму часопісу «Национальная оборона».

Паводле яго, Армэнія не зьвярталася з афіцыйнымі заявамі аб прыпыненьні сяброўства ў АДКБ.

«Дзейнасьць арганізацыі працягваецца ў поўным аб’ёме, усе працэдуры выконваюцца ў поўнай адпаведнасьці з нарматыўнай базай АДКБ. Аб рашэньнях, якія прымаюцца і ўхваленыя, сакратарыят інфармуе адпаведныя структуры ў Ерэване ў працоўным рэжыме», — падкрэсьліў ён.

Імангалі Тасмагамбетаў таксама ня выключыў магчымасьць расшырэньня АДКБ, але не ўдакладніў, якія краіны могуць далучыцца да арганізацыі.

«Ва ўмовах злому старога сьветапарадку, якія суправаджаецца аднаўленьнем старых і зьяўленьнем новых канфліктаў, патрэба ў вайскова-палітычным хаўрусьніцтве значна павялічваецца. Гэта заканамерна і пацьвярджаецца гісторыяй. Тым больш што АДКБ прапануе вельмі выгадныя ўмовы ўдзелу. Адной з галоўных, мяркую, можна лічыць адсутнасьць жорсткай „блёкавай дысцыпліны“ і дэмакратычная па характары працэдура ўхваленьня рашэньняў у межах арганізацыі. Ключавое значэньне мае тое, што АДКБ аддае перавагу палітыка-дыпляматычным мэтадам ўрэгуляваньня крызісных сытуацый», — патлумачыў генэральны сакратар АДКБ.

Імангалі Тасмагамбетаў нагадаў, што сёлета заплянавана правядзеньне стратэгічнай камандна-штабной трэніроўкі Аб’яднанага штабу АДКБ, а таксама шэраг вучэньняў, якія адбудуцца на тэрыторыі Казахстану, Кіргістану, Таджыкістану і Расеі — «Узаемадзеяньне-2024», «Непарушнае братэрства – 2024», спэцыяльныя вучэньні «Пошук-2024», «Эшалён-2024», «Скала-2024», «Кобальт-2024» і «Рубеж-2024».

У пачатку сакавіка прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што замарожваньне дзейнасьці краіны ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) — гэта палітычнае рашэньне і пазыцыя дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Армэніі расказаў аб прычынах замарожваньня ўдзелу краіны ў АДКБ і магчымага выхаду з арганізацыі

У сакавіку Армэнія афіцыйна заявіла аб спыненьні працы расейскіх памежнікаў у аэрапорце Ерэвану.

У лютым улады Армэніі абвясьцілі пра замарожваньне ўдзелу краіны ў АДКБ.

Неўзабаве пасьля гэтага старшыня парлямэнту краіны Ален Сіманьян заклікаў вывесьці супрацоўнікаў памежнай службы ФСБ Расеі зь ерэванскага аэрапорту Звартноц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване заявілі аб намеры паглыбляць дачыненьні з Эўразьвязам настолькі, наколькі да гэтага гатовы Брусэль