Reuters: Расея з прычыны атак украінскіх бесьпілётнікаў з пачатку году страціла каля 7% нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў

Пажар на нафтабазе ў Клінцах у выніку атакі бесьпілётніка, студзень 2024

Прынамсі 7 расейскіх НПЗ спынілі перапрацоўку нафты з прычыны атак украінскіх дронаў у першым квартале 2024 году.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на свае падлікі.

Адным з апошніх вытворчасьць спыніў «Куйбышаўскі НПЗ», што ў Самарскай вобласьці. Бесьпілётнікі атакавалі гэты завод у ноч на 23 сакавіка. Паводле крыніц Reuters, пасьля атакі завод спыніў працу нафтаперапрацоўчай устаноўкі CDU-5, таму магутнасьці прадпрыемства зьнізіліся ўдвая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея губляе 600 тысяч барэляў нафтапрадуктаў у дзень з прычыны нападаў на НПЗ. Ёсьць і больш радыкальныя ацэнкі

Украіна ў апошнія месяцы атакавала некалькі нафтаперапрацоўчых заводаў, тэрміналаў, складоў і сховішчаў, разьмешчаных у Расеі і на акупаваных тэрыторыях.

На фоне нападаў улады РФ з сакавіка забаранілі на паўгода экспарт бэнзіну, каб стабілізаваць цэны на ўнутраным рынку ва ўмовах росту попыту, паведамляла Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

Брытанская газэта Financial Times са спасылкай на свае крыніцы ў гэтым месяцы паведамляла, што ўлады ЗША заклікалі Ўкраіну спыніць атакі на энэргетычную інфраструктуру Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ЗША заклікалі Ўкраіну спыніць атакі на нафтаперапрацоўчыя заводы Расеі. У Кіеве гэтага не пацьвердзілі