Хроніка перасьледу 23 сакавіка: дальнабойніка аштрафавалі за «экстрэмізм» у тэлефоне; у Жлобіне асудзілі 4 чалавек

Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

На беларуска-латвійскай мяжы ў дальнабойніка знайшлі «экстрэмізм» у тэлефоне — яго аштрафавалі

Старшыня суда судзьдзя суда Верхнядзьвінскага раёну Віктар Баліка 7 сакавіка за распаўсюд «экстрэмізму» ў сацыяльных сетках аштрафаваў на 1200 рублёў кіроўцу-дальнабойшчыка Сяргея Нікіціна. Адміністрацыйную справу разгледзелі без удзелу мужчыны, паведамляе «Віцебская Вясна».

У судзе высьветлілася, што Сяргей, знаходзячыся на тэрыторыі Міжнароднага аўтамабільнага пункту пропуску «Грыгораўшчына» ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» разьмясьціў інфармацыйную прадукцыю з сайта «Хартыя97». Раней усе публікацыі сайта ўлады занесьлі ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовае паседжаньне мужчына не зьявіўся, хоць пра месца і час разгляду справы яго апавясьцілі. Пры складаньні пратакола мужчына прызнаў віну і заявіў пісьмовае хадайніцтва аб разглядзе справы ў яго адсутнасьць.

Судзьдзя Баліка прыняў прызнаў Нікіціна вінаватым паводле ч.2 арт.19.11 КаАП і прысудзіў яму штраф у памеры 1200 рублёў, а таксама канфіскацыю тэлефону мужчыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 сакавіка: жыхара Гомля асудзілі за абразу Лукашэнкі

У Жлобіне затрылі і асудзілі сама меней 4 чалавек

Гэта прадпрымальнік Дзмітрый Панамароў, пэнсіянэрка Марыя Леоненка, Леанід Лісны і Іна Волкава, піша «Вясна».

Пакуль што праваабаронцам вядомы толькі вырак адносна Дзьмітрыя Панамарова — мужчыну арыштавалі на 10 сутак. Панамароў — вядомы прадпрымальнік, уладальнік гастрамаркета «Новы кантынент». Справу разглядаў судзьдзя Яўген Ерафееў.

Вядома, што на Іну Волкаву, Марыю Леоненку і Дзьмітрыя Панамарова склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ (распаўсюд, стварэньне ці захоўваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Марыя Леоненка — актывістка грамадзкага руху «Маці 328», актыўна выступала супраць вялікіх тэрмінаў пакараньня, якія выносяць суды абвінавачаным па «наркатычных» артыкулах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 сакавіка:  У Менску затрымалі брата Дзяніса Ўрбановіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 сакавіка: затрымалі хрысьціянскага прапаведніка Сяргея Мельянца