Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 сакавіка: жыхара Гомля асудзілі за абразу Лукашэнкі


Суд Ленінскага раёну Горадні, ілюстрацыйнае фота
Суд Ленінскага раёну Горадні, ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Горадзенскага сьвятара аштрафавалі за «экстрэмізм»

Судзілі і аштрафавалі за «экстрэмізм» праваслаўнага сьвятара Мікалая Гайдука, клірыка касьцёла ў гонар Сабору ўсіх беларускіх сьвятых, паведамляе Hrodna.Life. Сьвятар хацеў раскрытыкаваць нацызм, але судзьдзя не паверыла.

22 студзеня 2024 году пры маніторынгу сацыяльных сетак сьвятара на яго старонцы «ВКонтакте» знайшлі інфармацыйную прадукцыю зь лягатыпам Tut.by і фатаздымак Гёбэльса са свастыкай, піша «Хрысьціянская візія». Гэта кваліфікавалі як «захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў з мэтай распаўсюджваньня» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), а таксама «распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі» (ч. 1 арт. 19.10 КаАП).

Суд над сьвятаром прайшоў 12 і 15 сакавіка 2024 году. Мікалай Гайдук патлумачыў, што нацысцкую сымболіку разьмяшчаў як частку гістарычнага фатаздымка — для крытыкі нацысцкіх поглядаў. Гэта пацьвярджаў і кантэкст разьмешчанай інфармацыі.

Судзьдзя суду Ленінскага раёну Горадні Натальля Козел, якая вяла шмат палітычна матываваных працэсаў, прызнала сьвятара вінаватым і прызначыла яму штраф у памеры 1600 рублёў.

У Гомлі мужчыну асудзілі да пазбаўленьня волі паводле чатырох артыкулаў

20 сакавіка ў Гомельскім абласным судзе вынесьлі прысуд Сяргею Чыжэўскаму, паведамляе «Гомельская Вясна».

Справу разглядаў Алег Харошка, які прысудзіў Сяргею 2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Сяргея Чыжэўскага абвінавачвалі паводле ч.1 артыкула 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці) Крымінальнага кодэкса РБ, ч. 1 арт. 342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), ч. 1 арт. 367 («паклёп на Аляксандра Лукашэнку»), ч. 2 арт. 368 («абраза Аляксандра Лукашэнкі»).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG