Эканамічны суд Менску разгледзеў адміністрацыйны пратакол Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК пра працу прыватнага мэдцэнтру «Новы зрок» безь ліцэнзіі ў 2022 годзе, паведамляе «Люстэрка».
Справу 20 сакавіка разглядала судзьдзя Валерыя Неўдах. Яна прызнала, што мэдцэнтар займаўся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю (ч.1 арт. 13.3 КаАП), і абавязала клініку выплаціць 500 базавых велічыць штрафу (20 тысяч рублёў). Акрамя таго, у «Новага зроку» канфіскавалі 100% даходу, атрыманага «незаконным шляхам». Гэта, як сьцьвярджае ДФР, 17,06 мільёна рублёў (з вылікам ускосных падаткаў і дакумэнтальна пацьверджаных выдаткаў). Гэта максымальна магчымае пакараньне па артыкуле.
На думку заснавальніка «Новага зроку» Алега Каўрыгіна, «будзе яшчэ 11 такіх пратаколаў», бо, паводле Мінздароўя, ліцэнзію ў клінікі забралі «з даты яе выдачы» — то бок з 2011 году.
«Яны цяпер будуць па кожным годзе іх складаць, лічыць даходы і прымаць рашэньне пра канфіскацыю. То-бок сума можа вырасьці ў 10 разоў. І яна будзе ня выплачаная. У кошт гэтага канфіскуюць усё абсталяваньне, будынкі і гэтак далей», — казаў раней Алег Каўрыгін, камэнтуючы складаньне пратаколу супраць «Новага зроку».
Пры гэтым, паводле закону, тэрміны адміністрацыйных спагнаньняў для юрыдычных асобаў складаюць ня больш за тры гады з дня зьдзяйсьненьня правапарушэньня і ня больш за паўгода з моманту яго выяўленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа «Новага зроку» дайшла да суду: клініку вінавацяць у працы безь ліцэнзіі з 2011 году, хоць ліцэнзію Мінздароўя адабрала летась- 27 ліпеня 2023 году Мінздароўя забрала ліцэнзію ў «Новага зроку» нібыта за падачу ў момант яе атрыманьня «падробленых дакумэнтаў зь недакладнымі зьвесткамі пра адказных асобаў, якія не былі працаўладкаваныя на прадпрыемстве».
- У Мінздароўя тады адзначалася, што ліцэнзіі «Новы зрок» пазбаўляюць з даты яе выдачы. Раней на гэтым моманце ні сілавікі, ні прадстаўнікі мэдцэнтру не завастралі ўвагу, аднак цяпер стала зразумела, для чаго гэтая дэталь была ў заяве міністэрства — цяпер клініку абвінавачваюць у працы безь ліцэнзіі з 2011 году, калі быў выдадзены адкліканы дазвол.
- Днямі стала вядома, што ў дачыненьні да клінікі «Новы зрок» склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні за працу безь ліцэнзіі ў 2022 годзе. За гэты час, паводле пратаколу, сетка клінік нібыта атрымала незаконны даход у памеры 17,06 мільёна рублёў. ДФР прызнаў гэта парушэньнем паводле ч. 1 арт. 13.3 КаАП (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць).