Расея губляе 600 тысяч барэляў нафтапрадуктаў у дзень з прычыны нападаў на НПЗ. Ёсьць і больш радыкальныя ацэнкі

Кіраўнік Gunvor Group Торб’ёрн Торнквіст.

Расея губляе да 600 тысяч барэляў перапрацаванай нафты ў дзень у выніку нападаў бесьпілётнікаў на нафтаперапрацоўчыя заводы.

Пра гэта заявіў кіраўнік міжнароднага нафтатрэйдэра Gunvor Group, аднаго з буйных прадаўцоў расейскай нафты да ўварваньня ва Ўкраіну, Торб’ёрн Торнквіст у інтэрвію Bloomberg.

На гэтым фоне, піша агенцтва, ф’ючэрсы на дызэльнае паліва вырасьлі ў чатыры разы, а ф’ючэрсы на бэнзін — у шэсьць разоў. Экспарт з Расеі ўпаў на некалькі сотняў тысяч барэляў за суткі, удакладніў Торнквіст.

Аналітыкі банку JPMorgan ацэньваюць скарачэньне магутнасьцяў расейскіх НПЗ ад нападаў бесьпілётнікаў у 900 000 барэляў у дзень.

За апошнія два тыдні расейская нафтавая прамысловасьць сутыкнулася з масаванымі атакамі бесьпілётнікаў. Задакумэнтаваныя ўдары як мінімум па васьмі НПЗ і нафтабазах. Крыніца выданьня «Українська правда» ў Службе бясьпекі Ўкраіны раней заявіла, што менавіта СБУ арганізавала атаку бесьпілётнікаў на тры нафтаперапрацоўчыя заводы ў Расеі ў ноч на 13 сакавіка. Гаворка ідзе аб прадпрыемствах у Разані, Кстове Ніжагародзкай вобласьці і Кірышах Ленінградзкай вобласьці.

Раніцай 13 сакавіка таксама быў нанесены ўдар па заводзе нафтапрадуктаў у горадзе Навашахцінску Растоўскай вобласьці. Гэтыя атакі прыводзілі да маштабных пажараў, якія патрабавалі працы апэратыўных службаў на працягу некалькіх гадзін і прыпыненьня працы НПЗ.

Афіцыйна Кіеў пры гэтым ня браў на сябе адказнасьць за напады на расейскія нафтавыя заводы.

  • Нафтавы аналітык Сяргей Вакуленка ў рассылцы 18 сакавіка адзначае, што шэсьць з трынаццаці атакаваных НПЗ не адыгрываюць значнай ролі ў забесьпячэньні ўнутранага рынку. Аднак працяг удараў можа прывесьці да структурных праблем у эканоміцы Расеі, вынікае з матэрыялу.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.