Украіна пасьля году перапынку атакавала вайсковы аэрадром у Саратаўскай вобласьці. Што пра гэта вядома

Расейскія бамбавікі на аэрадроме «Энгельс-2» да поўнамаштабнай вайны. Ілюстрацыйнае фота

Цяперашні інцыдэнт чацьвёрты. У той жа час Украіне не прызнае сваёй адказнасьці за дронавыя атакі на аб’екты на тэрыторыі Расеі.

Міністэрства абароны Расеі раніцай 20 сакавіка паведаміла, што над Саратаўскай вобласьцю сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі 4 украінскія баявыя дроны.

Губэрнатар Саратаўскай вобласьці Раман Бусаргін удакладніў, што бесьпілётнікі зьнішчылі над горадам Энгельс.

«Сыстэма СПА спрацавала своечасова і эфэктыўна. Пацярпелых і разбурэньня інфраструктуры няма», — паведаміў ён.

Украінскай службе Радыё Свабода ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі, што дроны пацэлілі ў аб'ект, а наступствы ўдару ўдакладняюць.

Чаму гэта важна

У Энгельсе Саратаўскай вобласьці знаходзіцца вайсковы аэрадром, на якім базуецца стратэгічная авіяцыя Расеі. Менавіта адсюль з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў паветра падымаліся бамбавікі для ракетных абстрэлаў аб'ектаў украінскай энэргетыкі. Афіцыйна аэрадром называецца «Энгельс-2». Ад яго да Ўкраіны больш як паўтысячы кілямэтраў.

Першы дронавы ўдар па гэтым аб’екце адбыўся 5 сьнежня 2022 году. Тады расейскія СМІ паведамілі, што бесьпілётнік пацэліў ва ўзьлётна-пасадачную паласу, два бамбавікі Ту-95 атрымалі пашкоджаньні, а два вайскоўцы — раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Украіна зьмяніла геаграфію вайны»: удары «ў сэрца Расеі» па авіябазах. Здымкі з космасу

Празь некалькі гадзін пасьля гэтага інцыдэнту Расея падняла з гэтага і іншых аэрадромаў дзясяткі самалётаў для нанясеньня аднаго з найбольш інтэнсіўных удараў па энэргетыцы Ўкраіны. Паводле Паветраных сіл Украіны, тады расейскія самалёты выпусьцілі па ўкраінскай тэрыторыі каля 70 ракет.

Другі інцыдэнт з пацэльваньнем бесьпілётніка адбыўся ў ноч на 26 сьнежня 2022 году. Тады Міністэрства абароны Расеі заявіла, што расейскія СПА зьбілі ўкраінскі бесьпілётнік на падлёце да аэрадрому, але пацьвердзіла гібель траіх сваіх вайскоўцаў тэхнічнага складу, якія знаходзіліся на аэрадроме. Украінскія СМІ пераконвалі, што ад гэтага ўдару пацярпела і авіятэхніка, але дакумэнтальных пацьвярджэньняў так і не зьявілася.

Пасьля інцыдэнту ўкраінская выведка паведаміла, што Расея нібыта перадысьлякавала частку бамбавікоў Ту-95МС з Энгельсу на авіябазу «Украінка» у Амурскую вобласьць — за 6 тысячаў кілямэтраў ад украінскай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мінабароны РФ: Авіябаза ў Энгельсе атакаваная ўкраінскім бесьпілётнікам. Загінулі трое вайскоўцаў

29 сьнежня 2022 году, у дзень чарговага інтэнсіўнага ўдару па Ўкраіне, жыхары Энгельсу паведамілі аб некалькіх выбухах у раёне аэрадрому. Тады губэрнатар Раман Бусаргін заявіў, што тэрыторыі Энгельскага раёну спрацавала СПА, якая зьнішчыла «неапазнаны аб’ект».

Цяперашні інцыдэнт — чацьвёрты. У той жа час Украіне не прызнае сваёй адказнасьці за дронавыя атакі па аб’ектах на тэрыторыі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка Ўкраіны: пасьля трох атак на вайсковыя аэрадромы Расея перакідае бамбавікі ў іншыя рэгіёны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.