У лютым 2024 году на расейскім рынку прададзена 63 новых аўтобусы Менскага аўтамабільнага заводу — на 25% менш, чым месяцам раней (84), і на 42,7%, чым у другім месяцы 2023-га году (110). Пра гэта сьведчаць зьвесткі расейскага агенцтва «АСМ-холдынг».
У лютым МАЗ заняў 9-е месца на рынку гэтага сэгменту аўтатранспарту Расеі (у студзені — 5-е).
Лідэрамі продажаў сталі расейскія ПАЗ (884; +68,7% у гадавым вымярэньні), «Нефаз» (228; +61,7%) і ЛіАЗ (155; −46,6%).
За 2023 год было рэалізавана 925 адзінак гэтага віду транспарту — на 11,1% менш, чым у 2022-м (1.040). Па выніках 2023-га, як і годам раней, МАЗ заняў 6-е месца ў адпаведным сэгменьце аўтарынку Расеі.
У Санкт-Пецярбургу 3 студзеня загарэўся аўтобус, выраблены на МАЗе. Паводле інфармацыі выданьня «Фонтанка», ён належаў кампаніі «Домтрансаўта».
Усяго, паводле дадзены расейскіх СМІ, у горадзе ў 2023 годзе загарэлася ня менш за дзевяць аўтобусаў беларускай вытворчасьці. Годам раней зафіксавана 8 падобных выпадкаў.
Як паведамляла прэс-служба пецярбурскага дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Пасажыраўтатранс», 2 жніўня 2023 году ў горадзе была прыпыненая эксплёатацыя партыі аўтобусаў МАЗ. Іх адмаўляліся ставіць на балянс, «пакуль ня будуць ліквідаваныя прычыны» ўзгараньняў.
«У сувязі з наяўнасьцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесьці да ўзгараньня аўтобусаў, прынятае рашэньне аб прыпыненьні эксплёатацыі на гарадзкой маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Менскага аўтамабільнага заводу (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург паводле кантрактаў 2022 году», — паведамляла прэсавая служба ГУП «Пасажыраўтатранс».
У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 МАЗ паведаміў, што прычынай узгараньняў можа быць «трапляньне алею з сыстэмы гідрапрываду вэнтылятара на гарачыя часткі рухавіка».
«Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэньня лягістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных флянцаў на іншыя, аналягічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія ня маюць правераных рэфэрэнцый», — удакладніў Палякоў.
Ад пачатку году ў Расеі загарэліся мінімум чатыры аўтобусы ад беларускага заводу МАЗ. Адзін выпадак здарыўся ў Іжэўску, адзін у Саратаве і дваў Санкт-Пецярбургу. Ва ўсіх выпадках аўтобусы гарэлі па-рознаму. У Беларусі за мінулы год агонь пашкодзіў 6 такіх аўтобусаў.