У Расеі — заключны дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Апазыцыя спадзяецца на акцыю «Поўдзень супраць Пуціна»

Галасаваньне дома. Прэзыдэнцкія выбары ў Расеі-2024

Расейскія апазыцыянэры заклікалі апоўдні зьбірацца каля выбарчых участкаў, каб паказаць сваю нязгоду з палітыкай Пуціна.

17 сакавіка — трэці, заключны дзень галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі. Незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць выбары як несвабодныя. Уладзімір Пуцін, які кіруе Расеяй з 2000 году, балятуецца ўжо на пяты тэрмін.

Акрамя дзейнага кіраўніка, якога ўсё часьцей у заходняй прэсе называюць дыктатарам, на выбарах тры кандыдаты — Уладзіслаў Даванкоў, віцэ-старшыня Дзяржаўнай думы ад партыі «Новыя людзі», дэпутаты Думы Мікалай Харытонаў ад партыі Камуністычнай партыі (КПРФ) і Леанід Слуцкі ад Лібэральна-дэмакратычнай (ЛДПР).

Усім кандыдатам ад непарлямэнцкіх партый і самавылучэнцам, якія зьбіралі подпісы, Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі адмовіла.

Паводле афіцыйных дзяржаўных расейскіх крыніц, яўка на выбарах перавысіла 60%. Масава галасуюць грамадзяне Расеі ў Аўстраліі, Кіргізстане, Нямеччыне і іншых краінах. Былі спробы падпалаў выбарчых участкаў і псаваньня бюлетэняў, калі скрыні для іх заліваліся чарнілам і зялёнкай. За першыя суткі галасаваньня Сьледчы камітэт завёў мінімум 15 крымінальных спраў па артыкуле аб «перашкодзе працы выбарчых камісій», піша «Новая газета Европа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьні прыхільнікаў Надзеждзіна, укід бюлетэняў, спробы падпалу ўчасткаў і псаваньня бюлетэняў: як праходзяць выбары ў Расеі

На нядзелю апазыцыя аб’явіла акцыю «Поўдзень супраць Пуціна». Яна заклікала пратэставы электарат прыйсьці на выбарчыя ўчасткі да 12 гадзін дня. Такім чынам, нязгодныя з палітыкай Крамля змогуць сустрэцца з аднадумцамі і ўбачыць, што яны не адны. Ідэя належыць экс-дэпутату Заканадаўчага сходу Пецярбургу ад партыі «Яблоко» Максіму Рэзьніку.

Заключны дзень выбараў адбываецца на фоне масавай атакі ўкраінскіх дронаў на аэрапорт у Дамадзедаве і нафтаперапрацоўчыя заводы ў Сызрані і Славянску-на-Кубані. Стаўленьне да вайны зьяўляецца адным з асноўных вымярэньняў (не)ляяльнасьці да палітыкі Пуціна ў цяперашняй Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні прайшла антыпуцінская акцыя. Яе прымеркавалі да дня выбараў прэзыдэнта Расеі. ФОТА

Удзельніцу выбарчай камісіі, якая спрабавала абліць зялёнкай бюлетэні ў Іжэўску, адправілі ў СІЗА на 2 месяцы

На 43-гадовую жанчыну пачалі крымінальную справу па артыкуле «Перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў або рабоце выбарчых камісій», піша Idel.Realii.

15 сакавіка, будучы членам выбарчай камісіі з правам вырашальнага голасу ад партыі КПРФ, яна спрабавала заліць зялёнкай стос апрацоўкі выбарчых бюлетэняў у памяшканьні на адным з участкаў у Ленінскім раёне сталіцы Удмуртыі.

Інфармацыя абнаўляецца

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Крэмль праводзіць галасаваньне «на лавачцы» ў акупаваных Марыюпалі і Данецку. Відэа