У Сумах расейцы пацэлілі ў жылы дом, ёсьць загінулыя. У Маскве заявілі аб украінскіх ударах дронамі па 6 рэгіёнах

Наступствы папярэдняга расейскага абстрэлу Сумаў, 7 сакавіка 2024 г.

За адну ноч расейцы зьнішчылі некалькі жылых дамоў. Ёсьць загінулыя і параненыя.

Расея штодня абстрэльвае памежную Сумскую вобласьць з авіяцыі і артылерыі. За адну ноч колькасьць такіх удараў можа дасягаць некалькі дзясяткаў.

Дрон пацэліў у жылы дом, прынамсі 8 чалавек параненыя

У Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі паведамілі, што ў ноч на 13 сакавіка і раніцай расейцы абстралялі сем тэрытарыяльных грамадаў вобласьці. Яны атакавалі мірных жыхароў кіраванымі авіябомбамі, артылерыйскімі ракетамі і дронамі. Усяго на тэрыторыі рэгіёну зафіксавалі 64 выбухі.

Найбольш пацярпелі Сумы — у абласным цэнтры дрон пацэліў у жылы пяціпавярховы дом і пашкодзіў 30 кватэраў. Паводле ўладаў, з-пад завалаў змаглі дастаць 10 чалавек, 8 зь якіх маюць траўмы рознай складанасьці. Ёсьць і загінулыя, але, пакуль ідуць ратавальныя працы, дакладнай колькасьці ўлады не называюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каля расейскага Санкт-Пецярбуру — атака бесьпілётнікаў. Гарыць порт Усьць-Луга

За ноч расейцы зьнішчылі некалькі жылых дамоў

У Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацый Украіны паведамілі, што ў Сумах шукаюць яшчэ мінімум трох чалавек, якія маглі знаходзіцца ў абстраляным доме.

Паводле ратавальнікаў, цягам апошніх гадзін расейцы зьнішчылі шматпавярховыя дамы ў трох гарадах Украіны.

Позна ўвечары 12 сакавіка ў Мірнаградзе Данецкай вобласьці часткова зруйнавалі пяціпавярховы будынак — два чалавекі загінулі, яшчэ 6 дасталі з-пад завалаў, у тым ліку адно дзіця.

У Крывым Рогу, родным горадзе ўкраінскага прэзыдэнта, расейцы пацэлілі ў дзевяці- і пяціпавярховы будынкі. Загінулі 5 чалавек, яшчэ паўсотні атрымалі раненьні ці траўмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея абстраляла Крывы Рог: дзясяткі параненых, сама меней тры чалавекі загінулі

У Расеі заявілі, што Ўкраіна атакавала дронамі шэсьць расейскіх вобласьцяў

У Міністэрстве абароны Расеі раніцай 13 сакавіка заявілі, што Ўкраіна атакавала шэсьць расейскіх вобласьцяў некалькімі дзясяткамі дронаў.

Згодна з афіцыйным паведамленьнем, супрацьпаветраная абарона Расеі перахапіла і зьнішчыла 58 бесьпілётнікаў над Белгарадзкай, Бранскай, Варонескай, Курскай, Ленінградзкай і Разанскай вобласьцямі. Найбольш — 29 — зьбілі над Варонескай вобласьцю. Што праўда, варонескі губэрнатар заявіў пра 40 дронаў.

Расейскія СМІ сьцьвярджаюць, што ў Белгарадзе пашкоджаньні атрымаў будынак, дзе знаходзіцца мясцовае ўпраўленьне Фэдэральнай службы бясьпекі. Мясцовыя ўлады паведамілі, што адзін бесьпілётнік трапіў у шматкватэрны дом, але пацярпелых няма.

У Курскай вобласьці раненьні атрымаў адзін чалавек.

У Разанскай вобласьці, як паведамляюць мясцовыя СМІ, загарэўся нафтаперапрацоўчы завод. Улады гэта не камэнтуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея і Ўкраіна абмяняліся ўдарамі. Пад Курскам гарэў склад з палівам, у Хмяльніцкай вобласьці пацярпела інфраструктура

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.