Прэм'ер Вугоршчыны Орбан заявіў, што плян Трампа па спыненьні вайны палягае ў скарачэньні дапамогі Ўкраіне

Віктар Орбан і Дональд Трамп, Флорыда, ЗША, 8 сакавіка 2024 году

Прэмʼер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, вярнуўшыся ў краіну пасьля прыватнай сустрэчы ў ЗША з Дональдам Трампам, заявіў, што былы прэзыдэнт мае «даволі падрабязныя пляны» наконт таго, як спыніць вайну Расеі супраць Украіны.

Паводле Орбана, Трамп скароціць дапамогу Кіеву, што паскорыць спыненьне канфлікту. Пасьля сустрэчы з Трампам у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу M1 Орбан сказаў, што «відавочна, што Ўкраіна сама па сабе ня можа выстаяць».

Паездка кіраўніка вугорскага ўраду адбылася ў той час, калі рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў ЗША затрымліваюць пакет дапамогі Ўкраіне на 60 мільярдаў даляраў. Сэнат ЗША ўжо ўхваліў пакет, большая частка якога прадугледжвае закупку Ўкраінай амэрыканскай зброі і вайсковай тэхнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Маё пасланьне Пуціну простае. Мы ня сыдзем. Мы ня схілімся». Што сказаў прэзыдэнт Байдэн у Кангрэсе ЗША

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, меркаваны кандыдат ад Дэмакратычнай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах у лістападзе, падтрымаў пакет дапамогі, але Трамп скрытыкаваў законапраект.

«Ён ня дасьць на ўкраінска-расейскую вайну ані цэнта, і таму вайна скончыцца», — гэтак выглядае пазыцыя Трампа ў пераказе Орбана.

«Калі амэрыканцы не дадуць грошай і зброі, а таксама эўрапейцы, то гэтая вайна скончыцца. А калі амэрыканцы не дадуць грошай, эўрапейцы ня ў стане самі фінансаваць гэтую вайну, і тады вайна скончыцца», — дадаў вугорскі прэмʼер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Якімі могуць быць наступствы вяртаньня Трампа для Расеі, Украіны, Беларусі? Тлумачэньне амэрыканскага палітоляга

Орбан замарозіў стасункі з большасьцю кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу, падтрымліваючы сувязі з аўтакратычнымі лідэрамі, такімі як прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

На мінулым тыдні Орбан пабываў у ЗША, дзе выступіў у кансэрватыўным Фондзе спадчыны, а пазьней сустрэўся з Трампам на курорце Мар-а-Лага ў Флорыдзе, адмовіўшыся падчас паездкі ад сустрэчаў з прадстаўнікамі дзейнай адміністрацыі ЗША.

У заяве штабу Трампа аб сустрэчы 8 сакавіка гаворыцца, што яны абмеркавалі «шырокі спэктар пытаньняў, якія закранаюць Вугоршчыну і ЗША, у тым ліку першарадную важнасьць моцных і бясьпечных межаў для абароны сувэрэнітэту кожнай нацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што «вельмі хутка» скончыць вайну ва Ўкраіне, калі яго зноў абяруць прэзыдэнтам ЗША

Орбан сказаў, што мір ва Ўкраіне павінен быць дасягнуты спачатку шляхам перамірʼя, а потым поўнага мірнага пагадненьня, для чаго ў Трампа «ёсьць сродкі».

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў 11 сакавіка заявіў, што ў Крамлі ведаюць пра заяву Орбана, але не камэнтуюць. «Мы гэта бачылі, але нам няма чаго сказаць, паколькі ніякіх дэталяў няма і незразумела, што гэта можа быць за плян», — сказаў Пяскоў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.