Раман «Зэкамерон» палітвязьня Максіма Знака ўвайшоў у шорт-ліст брытанскай літаратурнай прэміі

Максім Знак і ягоная кніга «Зэкамэрон» у перакладзе на ангельскую. Каляж з сайту bellit.info

Прэмія Рэспублікі Сьвядомасьці (Republic of Consciousness Prize), якая штогод узнагароджвае мастацкую літаратуру, выдадзеную невялікімі выдавецтвамі Вялікай Брытаніі і Ірляндыі, абвясьціла кароткі сьпіс 2024. У пяцёрку найлепшых увайшоў дакумэнтальны раман беларускага палітвязьня Максіма Знака, заўважыла bellit.info.

У перакладзе Джыма і Элы Дынглі «Зэкамэрон» выйшаў у выдавецтве Scotland Street Press.

Анатацыя на сайце прэміі паведамляе:

«100 апавяданьняў у „Зэкамэроне“ заснаваныя на „Дэкамэроне“ XIV стагодзьдзя, але Максім Знак бліжэйшы да Бэкета, чым да Бакача. Банальнасьць і жорсткасьць супернічаюць са здольнасьцю чалавека трываць прыгнёт. Рознагалосыя гісторыі Знака складаюць 100 дзён зьняволеньня ў беларускай турме. Ляканічна, іранічна; сухі гумар. Гэтыя гісторыі сьведчаць пра супраціў і самасьцьвярджэньне, а таксама пра шчырую цеплыню і ўдзячнасьць таварышам-вязьням. Гэтыя апавяданьні Знак пісаў у зьняволеньні, але потым яны змаглі трапіць за сьцены турмы».

«Падманліва лёгкія, але моцныя гісторыі зьняволенага беларускага юрыста і актывіста. Сапраўды важная кніга», — рэзюмуе журы прэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Максім Знак у зьняволеньні напісаў тры кнігі. Заробак палітвязьня за мінулы месяц — 18 цэнтаў

Максім Знак — адвакат, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады і яе прэзыдыюму. 6 верасьня 2021 году Менскім абласным судом прызнаны вінаватым «у змове, зьдзейсьненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем, а таксама ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады і іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту».

Атрымаў 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Кніга Максіма Знака «Зэкамэрон», напісаная ў зьняволеньні, была ў шорт-лісьце беларускай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», паводле апавяданьняў зь яе паставілі спэктакль, а пераклад кнігі на ангельскую трапіў у лік 15 кніг, уганараваных прэміяй Ангельскага ПЭНу PEN Translates за найлепшы пераклад году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Будзе дзень!» Ганна Шаркунова запісала песьню на словы палітвязьня Максіма Знака