Расея і Ўкраіна абмяняліся ўдарамі. Пад Курскам гарэў склад з палівам, у Хмяльніцкай вобласьці пацярпела інфраструктура

Наступствы расейскага абстрэлу ў Адэскім раёне

Ва Ўкраіне ў выніку расейскай атакі мінімум адзін чалавек загінуў і больш за 10 атрымалі раненьні. У Расеі заявілі, што ў іх ахвяраў няма.

У ноч на 6 сакавіка Расея з чатырох кірункаў атакавала Ўкраіну 42 ударнымі бесьпілётнікамі.

Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, расейцы запусьцілі дроны з Крыму, Курскай вобласьці і Краснадарскага краю. Апроч таго, з часова акупаваных тэрыторыяў Данецкай вобласьці Расея нанесла ракетны ўдар.

«У выніку баявой працы зьбілі 38 „шахедаў“ у межах Днепрапятроўскай, Адэскай, Херсонскай, Хмяльніцкай, Чаркаскай, Харкаўскай, Віньніцкай і Сумскай вобласьцяў», — сказана ў афіцыйным паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея не спыняе ўдараў па Адэскай вобласьці. Украінская СПА зьбіла над рэгіёнам 18 расейскіх дронаў

На Хмяльніччыне пасьля расейскага ўдару некалькі паселішчаў абясточаныя

Улады Хмяльніцкай вобласьці паведамілі, што над рэгіёнам украінскія вайскоўцы змаглі зьбіць шэсьць дронаў. Аднак у выніку расейскага ўдару пашкоджаньні атрымаў энэргетычны аб’ект — цяпер некалькі паселішчаў засталіся без электрычнасьці.

«Загінулых і траўмаваных няма», — падкрэсьлілі ў абласной адміністрацыі.

Лінію электраперадач пашкодзілі і ў Нікапалі Днепрапятроўскай вобласьці.

Найбольш бесьпілётнікаў — 18 — расейцы накіравалі на Адэскую вобласьць. У выніку падзеньня аскепкаў дронаў зноў пашкодзілі рэкрэацыйны аб’ект, газаправод і жылыя будынкі ў Адэскім раёне. Загінулых і параненых няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінцы марскімі бесьпілётнікамі патапілі яшчэ адзін расейскі карабель ля анэксаванага Крыму

У Херсонскай вобласьці раненьні атрымалі 2 чалавекі. Дроны або іхныя аскепкі пацэлілі ў газаправод, «пункт нязломнасьці» (часовае сховішча), гараж, у тэрыторыю мясцовага аэрапорту.

У Харкаўскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек. Некалькі дронаў атакавалі горад Сумы. Паводле ўладаў Сумскай вобласьці, папярэдне сем чалавек атрымалі траўмы ў выніку ўдару дрону па тэрыторыі лякарні.

Паводле Сытуацыйнага цэнтру Міністэрства абароны Ўкраіны, у ноч на 6 сакавіка Расея з розных відаў узбраеньня абстраляла 13 вобласьцяў Украіны, атакаваўшы 116 населеных пунктаў і 116 аб’ектаў інфраструктуры.

У трох рэгіёнах Расеі заявілі аб атацы Ўкраіны

Губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойт раніцай 6 сакавіка паведаміў, што ў выніку «атакі ўкраінскага бесьпілётніка» у Жалезнагорскім раёне загарэўся склад з гаруча-змазачнымі матэрыяламі.

У Варонескай вобласьці другі дзень запар уключаюць сырэну паветранай трывогі. Паводле губэрнатара Варонескай вобласьці Аляксандра Гусева, расейскія сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі над рэгіёнам прынамсі два дроны. Пацярпелых няма, аб пашкоджаньнях на зямлі губэрнатар нічога не паведаміў.

У Белгарадзкай вобласьці таксама абвяшчалі паветраную трывогу. Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб зьбіцьці аднаго дрону, а губэрнатар Вячаслаў Гудкоў заявіў аб артылерыйскіх і мінамётных абстрэлах некалькіх раёнаў з боку Ўкраіны. Паводле яго, ад удараў дронамі і ракетамі пашкоджаньні атрымала лінія электраперадачы, адзін інфраструктурны аб’ект і прыватныя будынкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вайсковы завод у Ніжагародзкай вобласьці Расеі атакавалі дроны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.